Алесь Кіркевіч Колькі мае каштаваць беларушчына?

журналіст, літаратар

Час, калі беларускі кантэнт каштаваў капейчыну, беззваротна мінае. Газеткі на таннай паперы, самапальныя цішоткі і значкі з «Пагоняю», выданні нікому не вядомых класікаў сучаснасці са слабым пераплётам, якія разваляцца праз тыдзень, – усё гэта сыходзіць у нябыт. Нарэшце!

Сёння мы маем справу з цікаваю тэндэнцыяй – беларускі кантэнт расце ў цане. Гэта і платная падпіска на «Нашу Ніву», і зусім не танныя байкі ад «LSTR», і глянцавая «Наша Гісторыя» за 5 рублёў, і покерныя карты «100 гадоў БНР» за 35… Раней нічога такога немагчыма было сабе ўявіць. Чаму?

Бо беларушчына – увесь спектр выданняў, мэрчу, выканаўцаў і паслуг – каштавалі капейчыну або наагул нічога – зэро. Гэта была гуманітарная місія, маральны абавязак, палітыка, «змагарства», старая з працягнутаю рукою – што заўгодна, але не бізнес.

«Шчыры беларус» паводле логікі 1990–2000-ых быў вечным нонканфармістам з нямытымі валасамі, якога не разумелі суседзі і прадавачкі ў крамах («Мне каву з вяршкамі…» – «Чо?!»), якога выганялі з вучобы і працы, які не мог сябе забяспечыць і прыбіцца ў жыцці да нейкага берагу – чужы на сваёй зямлі. Які бізнес? Якія грошы? Вы пра што? Прадацца? Не-не, прынцыпы…

Марна тлумачыць, што ўсё гэта цалкам бесперспектыўны шлях, які знаходзіў сабе апраўданне ў палітычнай сітуацыі, моўнай мапе краіны, гістарычным мінулым, рэпрэсіях і г. д. Сёння ўсё па-іншаму. Хочаш беларушчыну? Бяры – і плаці. Гэта правільна і павышае якасць таго, што ты атрымаеш на выхадзе.

Канечне, увесь гэты час былі аб’ектыўныя фактары, якія тармазілі развіццё нацыянальных працэсаў. Гэта і адукацыйная палітыка, і «саўковае лобі» ва ўладзе. Нацыянальная плынь была змушаная прабіваць сабе дарогу скрозь вострыя камяні рэальнасці – інерцыю постсавецкага грамадства і бескампраміснасць прарасейскіх функцыянераў у важных кабінетах.

Але давайце на хвілінку ўявім, што саўковы механізм быў бы наўпрост перафарбаваны ў нацыянальныя колеры. Школьнікаў бы заганялі ў такі ж ліпавы і мёртванароджаны БРСМ, толькі пад бел-чырвона-белым сцягам. На парад 8 верасня выходзілі б убеленыя сівізною ветэраны «Адраджэння» ў чаканні кветачак ад першакласнікаў. На «лексусах» рассякалі б па Менску настаяцелі ды епіскапы аўтакефальнай БПЦ… Тая ж самая вертыкаль, той самы савок, але ў вышыванцы.

Каму тое трэба? У ХХІ ст. – ужо нікому. У свеце, дзе перамагае здаровая канкурэнцыя, прыватная ініцыятыва, новыя ідэі, падыходы, тэхналогіі, нацыянальны нафталін нічым не лепшы за саўковы. Каштоўнасць мае не статыка, а дынаміка, не настальгія (па ВКЛ ці СССР – няважна), а футурызм.

Да чаго гэта ўсё? А да таго, што сёння мы маем вельмі крутыя шанцы на сонечнае заўтра. Нашыя нацыянальныя праекты прайшлі праз мясарубку, а значыць – натуральны адбор. І таму менавіта гэты мэрч, музыка, інфармацыя каштуюць грошай, гэта нармальна. А ўявіце, якім пышным цветам расцвіце нацыянальна арыентаваны бізнес у больш ліберальных умовах!.. І каштаваць будзе яшчэ больш – і гэта крута!

Урэшце, што такое грошы? Эквівалент сацыяльнай значнасці прадукту, які ты ствараеш, толькі і ўсяго. Калі на яго няма попыту, ён нічога і не каштуе. А калі ты людзям не распавёў, чаму твой прадукт цікавы і важны, – гэта твая праблема, а не праблема людзей. Ну, добра, параўнанні з бізнесам ужо нагналі аскомы, але яны працуюць, што зробіш. Гэта рэальнасць. А рэальнасці не варта баяцца, з ёю трэба працаваць.

KALILASKA. Крама для ўсіх

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары