Колькі каштуе рэвалюцыя ў Арменіі?


Шматтысячныя пратэсты, блакада вуліцаў і аэрапорту. А ў выніку – святкаванне перамогі ды народныя гулянні да позняй ночы. Пасля насычанага палітычнага тыдня жыхары Арменіі адпачываюць і рыхтуюцца да абрання новага прэм’ера. Амаль пэўна ім стане лідар пратэстаў Нікол Пашыньян. Пра ўрокі і кошт армянскай рэвалюцыі – Вольга Жарнасек.

«Гэта пераўтвараецца ў анекдот, але мы пачалі рэвалюцыю з пяцисот долараў, са ста еўраў і дваццаці тысяч драмаў», – кажа скарбніца партыі «Грамадзянская дамова» Арпінэ Даваян.

Арпінэ Даваян – актывістка «Грамадзянскай дамовы», якую жартаўліва называюць скарбніцай рэвалюцыі. Менавіта гэтая партыя ачоліла пратэсты, якія ахапілі Арменію два тыдні таму.

«Штодзённыя выдаткі ідуць на тэхніку, на мітынгі», – распавядае Арпінэ Даваян.

Грошы прыходзяць ад звычайных грамадзянаў. Тых, каму досыць кіравання Рэспубліканскай партыі, якая трымае ўладу амаль 20 гадоў.

«Галоўная праблема Арменіі – манаполіі, карупцыя. Рэспубліканская партыя – галоўная праблема, бо ўсё пад іх, яны кіруюць усім. У іх дамы, у іх машыны, у іх мільёны, а ўсе людзі бедныя», – адзначае Даваян.

За час кіравання былога прэзідэнта Сэржа Сагсьяна краіну пакінуў кожны дзясяты армянІн. За рысаю беднасці апынулася яшчэ траціна.

Але апошняю кропляю стала жаданне Саргсьяна кіраваць Арменіяй вечна.

«Задача была пастаўленая вельмі выразна: мы не хочам, каб прэм’ер-міністрам быў Сэрж Сагсьян і кіроўнай была Рэспубліканская партыя», – тлумачыць апазіцыйная дэпутатка Нацыянальнага сходу Арменіі Лена Назар’ян.

На леташніх парламенцкіх выбарах кіроўная партыя атрымала палову галасоў. Апазіцыйная фракцыя «Эльк», якая рэпрэзентуе ліберальную і праеўрапейскую апазіцыю, – менш за 8 адсоткаў.

Але гэты вынік ніяк не адлюстроўвае рэальнага выбару армянаў.

«Палітычная партыя большасці выстаўляла пераважна вельмі багатых кандыдатаў ці тых кандыдатаў, якія ў гэтых акрУгах мелі свае прадпрыемствы. І гэтыя людзі выкарыстоўвалі магчымасць уплываць на сваіх працаўнікоў. Ці за грошы прыводзілі галасы. А партыя ў выніку казала: «Што нам рабіць? Мы вам далІ 13 кандыдатаў, а вы выбралі кепскага», – кажа былы дэпутат, міжнародны эксперт Гаванэс Ігіт’ян.

Сёння армяне робяць свядомы выбар.

«Урад будзе квітнець. І на гэтым месцы мы бачым спадара Нікола Пашыньяна. Яму 42 гады, ён малады хлопец, чысты, шчыры і любіць сваю краіну», – кажуць пратэстоўцы.

Нікол Пашыньян – палявы камандзір рэвалюцыі. У 2010-м асуджаны на 7 гадоў турмы за арганізацыю паслявыбарчых пратэстаў. Праз год выйшаў на волю паводле амністыі. Яшчэ праз год – абраны дэпутатам Нацыянальнага сходу Арменіі. З 2016-га ачольвае апазіцыйную фракцыю «Ельк». Аддае перавагу камуфляжным строям.

«Ён быў заўсёды шчыры з народам. І заўсёды ўсё казаў шчыра і адкрыта. І ўсе пачалі верыць яму», – кажа Даваян.

Да сваіх суайчыннікаў Нікол Пашыньян прамаўляе ў найбольш дасяжны спосаб – праз “Фэйсбук”. Ягоныя наўпроставыя эфіры збіраюць сотні тысяч праглядаў.

Падчас адной з такіх трансляцыяў прысутнічала нашая здымачная група – з надзеяй асабіста паразмаўляць з найпапулярнейшым палітыкам Арменіі.

«Прэзідэнт і Карапэтʼян (выканальнік абавязкаў прэмʼера. – Рэд.) заклікаюць правесці круглы стол. Гэта магчыма?

«Гэта залежыць ад парадку дня. Калі парадак дня – гэта мірнае перадаванне ўлады, гэта магчыма. Калі не, то гэта не мае сэнсу», – адказаў Пашыньян.

Праз некалькі гадзінаў пасля гэтай размовы стане вядома, што кіроўная фракцыя не будзе выстаўляць свайго кандыдата на паўторных выбарах прэмʼера – 8-га траўня. Знясіленая пратэстамі ды блакадамі Рэспубліканская партыя адступіла.

«Рэспубліканская партыя падтрымае кандыдатуру прэмʼер-міністра, якога выставіць як мінімум траціна парламенту. Мы заклікаем безадкладна завершыць гэтую непрымальную сітуацыю, адкрыць вуліцы ў сталіцы і па ўсёй краіне ды спыніць блакаду аэрапорту», – заявіў кіраўнік фракцыі Рэспубліканскай партыі Вахрам Багдасар’ян.

Фактычна гэта азначае, што новым прэмʼерам стане Нікол Пашыньян, які карыстаецца падтрыманнем трох парламенцкіх фракцыяў.

У сераду ён заклікаў сваіх прыхільнікаў прыпыніць пратэсты і адпачыць.

«Галоўнае дасягненне, што рэвалюцыя адбылася без кроплі крыві. Ніхто не пацярпеў. У гісторыю армянскую і, можа быць, міжнародную гэтая рэвалюцыя ўвойдзе як рэвалюцыя любові», – падкрэслівае дэпутатка Лена Назар’ян.

Бяскроўная рэвалюцыя любові. Мірнае змаганне за годнае жыццё і супраць нязменнасці ўлады. Без вялікіх фінансавых сродкаў і гучных геапалітычных лозунгаў. Танная і адначасова вельмі каштоўная для тых, хто два тыдні таму выйшаў на вуліцы армянскіх гарадоў.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Сюжэт выйшаў у праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык 4 траўня 2018 г.

Стужка навінаў