Колькі кандыдатаў партыі вылучылі ў Палату прадстаўнікоў? Усе лічбы


Belsat.eu высветліў, колькі беларускія партыі (як апазіцыйныя, так і праўладныя) вылучылі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў завяршаецца на гэтым тыдні. Паводле заканадаўства, вылучаць кандыдатаў маюць права афіцыйна зарэгістраваныя палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў. На дадзены момант афіцыйную рэгістрацыю ў Беларусі маюць 15 палітычных партыяў.

Апазіцыйныя партыі і рухі

Амаль усе апазіцыянеры кажуць, што выбараў у Беларусі няма, аднак кампанію трэба выкарыстаць для працы з людзьмі і папулярызацыі сваіх ідэяў.

Аб’яднаная грамадзянская партыя на з’ездзе, што адбыўся 29 верасня, вылучыла ў дэпутаты 61 чалавека. Ад АГП у тым ліку пойдзе на выбары яе лідар Мікалай Казлоў, блогеры Аляксандр Кабанаў і Мікалай Маслоўскі, актывіст з Гомля Уладзімір Няпомняшчых ды інш.

Мікалай Казлоў

Партыя БНФ вылучыла кандыдатамі ў дэпутаты 50 чалавек. Сярод іх – старшыня партыі Рыгор Кастусёў, актывісты Вольга Дамаскіна, Ілля Дабратвор, Юрый Меляшкевіч, Алена Талстая, Зміцер Каспяровіч, Максім Вінярскі, Вольга Нікалайчык (апошнія два таксама з’яўляюцца сябрамі «Еўрапейскай Беларусі).

Рух «За свабоду», хоць і не з’яўляецца партыяй, але таксама мае права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. На выбары ад грамадскага аб’яднання пойдзе 55 чалавек, але поўны спіс Рух не публікуе. Сярод тых, хто сёлета балатуецца ад Руху «За свабоду» – Юрась Губарэвіч, Алесь Міхалевіч, Віктар Янчурэвіч, Раман Кісляк і іншыя. Варта ўлічваць, што спіс кандыдатаў ад Руху часткова дублюецца кандыдатамі, напрыклад, ад партыі БНФ.

Юрась Губарэвіч

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) вылучае 50 кандыдатаў у дэпутаты. У тым ліку на выборы пойдзе старшыня партыі Ігар Барысаў і экс-старшыня Ірына Вештард.

Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» на з’ездзе 28 верасня вылучыла 37 кандыдатаў у дэпутаты. Сярод вылучэнцаў – намеснік старшыні партыі Сяргей Ухналёў.

Партыя Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, ганаровым старшынёй якой з’яўляецца Станіслаў Шушкевіч, вылучыла 24 кандыдата ў дэпутаты. Сярод іх – галоўны рэдактар «БелГазеты» Кірыл Жываловіч.

Беларуская партыя «Зяленыя» вылучыла 9 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Як і іншыя апазіцыйныя партыі, «Зяленыя» упэўнены, што выбараў у Беларусі няма, а парламенцкую кампанію ўспрымаюць выключна як інфармацыйную. Галоўныя тэмы: абарона незалежнасці Беларусі, недапушчальнасць запуску БелАЭС і пераход краіны на ўзнаўляльную энергетыку.

Кансерватыўна-хрысціянская партыя-БНФ традыцыйна байкатуе выбарчыя кампаніі ў Беларусі.

Hавiны
«Я – самая паслядоўная прыхільніца байкоту». Рэпартаж з пікету Ірыны Халіп
2019.09.10 09:35

Праўладныя партыі

Беларуская патрыятычная партыя, лідарам якой з’яўлецца Мікалай Улаховіч, вылучыла 18 кандыдатаў у дэпутаты. Сярод іх тры дзейных дэпутата Палаты прадстаўнікоў – Леанід Брыч, Таццяна Сайганава і сам Улаховіч. Цікава, што раней Улаховіч абяцаў вылучыць сёлета ад партыі не менш за 90 кандыдатаў.

Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППС) на з’ездзе 21 верасня вылучыла 50 кандыдатаў у дэпутаты.

Сярод іх – кіраўнік жлобінскіх прафсаюзаў Алег Касценка, дырэктар Буда-Кашалёўскага дзяржаўнага агратэхнічнага каледжу Яўген Некрашэвіч і актывістка прарасейскага руху «Грамадзянская згода» Эльвіра Мірсалімава. Мірсалімава сёлета адзначылася шэрагам скандальных заяваў: заклікала паставіць у Беларусі помнік Сталіну, сцвярджала, што нацыянальная ідэя беларусаў у тым, што яны – расейцы. Праз збор подпісаў таксама вылучаецца дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра РППС Жанна Статыўка.

Ліберальна-дэмакратычная партыя, як раней і абяцала, вылучыла 110 кандыдатаў у дэпутаты – то бок партыя мае па кандыдату на кожную выбарчую акругу. На выбары ў тым ліку ідзе лідар ЛДП Алег Гайдукевіч.

Алег Гайдукевіч

Камуністычная партыя Беларусі вылучыла 60 кандыдатаў у дэпутаты на з’ездзе 14 верасня. Сярод іх – першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму Сяргей Сыранкоў, дырэктар Магілёўскага гандлёвага каледжу Людміла Ільінская, дырэктар менскай СШ № 169 Алена Казлоўская, кіраўніца бярэзінскіх прафсаюзаў Алена Токан ды інш.

У выбарах прымуць удзел 7 прадстаўнікоў Сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Згода. Аднак, як распавёў belsat.eu старшыня партыі Сяргей Ермак, усё яны будуць вылучацца праз збор подпісаў і толькі па Гомельскай вобласці.

«Яны вылучаюцца не ад партыі, а шляхам збору подпісаў. Чаму не ад партыі? Калі яны хочуць быць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, няхай пройдуць хаця б гэты фармат», – адзначыў Ермак.

Рэспубліканская партыя вылучыла 11 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Прошёл девятый внеочередной съезд Республиканской партии. Присутствовали 42 делегата из 46 избранных.Выдвинули 11…

Opublikowany przez Рэспубліканская партыя Sobota, 28 września 2019

Нічога не вядома пра вылучэнне кандыдатаў ад Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі і Беларускай аграрнай партыі. Абодве партыі не маюць ані старонак у сацсетках, ані дзейных сайтаў. Па кантактных нумарах партыяў ніхто не адказвае.

Hавiны
Хто пераможа на выбарах? Гайд па кандыдатах ад улады
2019.09.10 13:32

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў