Колькі грошай атрымае пенсіянер Лукашэнка?


Калі Лукашэнка не наважыцца балатавацца на наступных прэзідэнцкіх выбарах, яго чакае дзяржаўная пенсія – belsat.eu падлічыў, колькі б атрымліваў першы пенсіянер краіны.

Без асаблівых гарантый

У Беларусі пакуль няма асобнага закона, які б рэгуляваў статус былых прэзідэнтаў. Аднак ёсць вельмі абагульняючы артыкул 39 закона аб «Прэзідэнце Беларусі» і там можна прачытаць на што можа чакаць прэзідэнт пасля развітання з пасадай.

Артыкул 39 закона аб «Прэзідэнце Беларусі»

У выпадках заканчэння тэрміну паўнамоцтваў, адстаўкі Прэзідэнта, датэрміновага вызвалення Прэзідэнта ад пасады былому Прэзідэнту:

1) усталёўваецца пенсія ў памеры, які вызначаецца заканадаўствам;

2) прадстаўляецца дзяржаўнае жыллё ў населеным пункце Рэспублікі Беларусь, які ён абірае.

3) увекавечанне памяці і пахаванне Прэзідэнта ажыццяўляюцца за кошт сродкаў дзяржавы.
Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь для Прэзідэнта могуць устанаўлівацца іншыя прававыя і сацыяльныя гарантыі.

Фармальна, Аляксандр Лукашэнка можа атрымаць гарантыі ад самога сабе – яго дэкрэты маюць моц закона і калі парламент бальшынёй 2/3 не скасуе іх – яны захоўваюць сілу. Агулам, прынята, што закон аб статусе былых прэзідэнтаў прымае менавіта парламент. Было б забаўна, каб напярэдадні выбараў 2015-га коду такі законапраект унеслі ў Палату прадстаўнікоў. Але, відаць, пакуль былых прэзідэнтаў забяспечваць не плануецца. На дадзены момант, без спецыяльнага закона, Аляксандр Лукашэнка лічыцца дзяржаўным служачым першай класы, як прэзідэнт краіны. Гэтак жа, яму будзе залічвацца адзін тэрмін у якасці дэпутата Вярхоўнага савета. У Законе аб прэзідэнце напісана, што ў выпадку адстаўкі, пенсія вызначаецца згодна з дзеючым заканадаўствам.

600 долараў штомесяц

Згодна з законам аб дзяржаўнай службе, выплаты маюць скласці 40% ад сярэдняй за любыя пяць год ягонай службы плюс два працэнта за кожны год дзяржаўнай службы пасля дваццаці. То бок, Лукашэнка можа разлічваць на 50 працэнтаў ад свайго сярэдняга заробка. Але заробак не павінен быць вышэйшым больш чым у тры разы за сярэдні па краіне ў гэты перыяд. То бок, за 2014 год, напрыклад, Лукашэнка павінен быў бы атрымоўваць пенсію ў памеры 9 млн. (6млн. сярэдні заробак, заробак прэзідэнта 30 млн., але 50 працэнтаў будзе вылічвацца з 18 млн). Таксама Лукашэнка зможа разлічваць на пенсію за асобыя заслугі перад краінай. Яе прызначае асобная камісія ў кожным індывідуальным выпадку, а сярэдні яе памер складае 3.7 млн. рублёў. Калі былы прэзідэнт заключыць працоўную дамову, напрыклад, з універсітэтам, то выплата пенсіі былому дзяржслужбоўцу будзе спынена. Калі Аляксандр Лукашэнка захоча пайсці ў адстаўку, ён таксама атрымае тры сваіх заробка адразу, у якасці дапамогі ад дзяржавы. Паводле апошняй інфармацыі, заробак прэзідэнта складае 30 млн. рублёў у месяц, то бок, Лукашэнка зможа разлічваць на 90 млн.
I дзяржаўнае жыллё…

Паводле таго ж закона аб «прэзідэнце», Лукашэнка мае права на дзяржаўнае жыллё ў любым выбраным населеным пункце краіны, бясплатнае пахаванне і ўшанаванне памяці. Іншыя сацыяльныя і прававыя гарантыі могуць быць усталяваны заканадаўствам дадаткова.

Іншыя маюць больш

У іншых краінах, як правіла, прэзідэнтам прадстаўляюцца апартаменты, транспарт, ахова і абслугоўваючы персанал. А таксама падвышаная пенсія. Так, Леанід Кучма (Украіна) атрымоўвае каля 1.5 тысячы долараў, а Лех Валенса (Польшча) каля 2-х тысяч. Былыя прэзідэнты Польшчы таксама маюць сродкі на ўласны офіс і яго супрацоўнікаў, бясплатнае медычнае абслугоўванне для саміх сабе і членаў сем’яў. У ЗША пенсіі былым прэзідэнтам розняцца – так, Біл Клінтан атрымоўвае 15 тысяч долараў у месяц, Джордж Буш каля 30 тысяч, а Джордж Буш старэйшы, з улікам усіх выплат, каля 60 тысяч долараў. Таксама ім аплочваюцца пералёты, выдаткі на сувязь і арэнду офісаў. У Расіі былыя прэзідэнты могуць атрымоўваць 75% ад свайго сярэдняга заробка, гэта каля 10 тысяч долараў. Дарэчы, у гэтым сэнсе ў Беларусі таксама маецца своеасаблівы рэкорд – былы старшыня Вярхоўнага Савета, Станіслаў Шушкевіч, фармальна першая асоба краіны, атрымоўвае 3200 рублёў у месяц. Гэта 20 цэнтаў. Хоць, у беларускім выпадку, прэзідэнт апроч гарантый і выплат можа атрымаць мноства пытанняў ад новай улады. У першую чаргу гэта лёс зніклых палітыкаў у 1999-2000 гадах ці палітычныя справы супраць апанентаў.

Цяпер не існуе нават праекту права пра статус былых прэзідэнтаў і гэта хіба найбольш красамоўны доказ, што Аляксандр Лукашэнка не збіраецца на пенсію.

Іван Шыла

Стужка навінаў