Колькі беларусаў прайшлі праз вайну на Данбасе? Расследаванне «Белсату»


Грамадзяне Беларусі складаюць трэцюю па колькасці нацыянальную групу сярод удзельнікаў вайны на Данбасе пасля ўкраінцаў і расейцаў. Паводле самых стрыманых ацэнак, агульная колькасць удзельнікаў канфлікту з беларускімі пашпартамі за чатыры гады дасягае 1 тыс. чалавек. Падрабязней пра «беларускія лічбы» вайны на ўсходзе Украіны – ў расследаванні belsat.eu.

З 2014 па 2018 гады ў адкрытых крыніцах з’яўлялася інфармацыя аб дзясятках беларусаў, што ўдзельнічалі ў канфлікце на Данбасе. Аднак колькі беларусаў агулам прайшло праз вайну за 4 гады – дагэтуль нават прыкладна невядомая. Belsat.eu паспрабаваў адказаць на гэтае пытанне, прааналізаваўшы сведчанні байцоў, заявы спецслужбаў і меркаванні экспертаў.

На баку Украіны

Байцы ТГ “Беларусь”

Найбольш вядомае вайсковае аб’яднанне беларусаў-добраахвотнікаў – гэта Тактычная група «Беларусь». Група была створана ў ліпені 2015 года ў межах Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правы сектар», але пазней стала самастойнай адзінкай. Сёння ТГ «Беларусь» часцяком выступае ад імя ўсіх беларускіх добраахвотнікаў.

«Мы лічым, што на ўкраінскім баку ваявала некалькі сотняў беларусаў. Дакладных лічбаў ніхто ня ведае, але, без сумневаў, было больш за 200 чалавек. Былі беларусы, якія не афішавалі сваю нацыянальную прыналежнасць. Праз Тактычную групу «Беларусь» прайшлі некалькі дзясяткаў», – распавялі belsat.eu у ТГ «Беларусь».

Так званы атрад «Пагоня», у адрозненне ад ТГ «Беларусь», ніколі не існаваў у выглядзе асобнага падраздзялення. «Пагоня», па сутнасці, выконвала функцыі мабілізацыйнага цэнтру або цэнтру дапамогі беларусам, якія вырашылі паехаць ваяваць на бок Украіны.

Паводле Грамадскага сектару атраду «Пагоня», у вайне на Данбасе з украінскага боку прынялі ўдзел каля 200-250 беларускіх грамадзянаў. Што тычыцца непасрэдна тых добраахвотнікаў з Беларусі, што прайшлі праз атрад «Пагоня», то іх колькасць у Грамадскім сектары ацэньваюць прыблізна ў 20-30 чалавек. Адсутнасць дакладнай статыстыкі ў «Пагоні» тлумачаць арганізацыйнымі асаблівасцямі.

«Людзі, якія праходзілі праз нас, пазней адпраўляліся ва ўкраінскія батальёны і ўжо на месцы далучаліся да Атраду беларусаў, якіх яны там сустракалі. Але структура была нефармальнай і збор і дакументаванне інфармацыі пра добраахвотнікаў, якія пазіцыянавалі сябе байцамі Атраду «Пагоня», мы не вялі. У першую чаргу для іх абароны ад беларускіх спецслужбаў. Ну і сам Атрад «Пагоня» прыпыніў сваё існаванне ў 2016 годзе – ён быў перафарматаваны ў Грамадскі сектар Атраду «Пагоня», які пачаў займацца валанцёрскай дапамогай добраахвотнікам», – распавялі прадстаўнікі «Пагоні».

Дэпутат Ігар Гузь, арганізатар атрада “Пагоня”. Фота – Facebook, @Guz.Igor

З гэтымі ацэнкамі згодны і дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Ігар Гузь – арганізатар атраду «Пагоня» з украінскага боку, які заўсёды актыўна адстойваў правы і інтарэсы беларусаў.

Аднак 200-250 асобаў – гэта далёка не самыя высокія ацэнкі маштабаў удзелу беларускіх добраахвотнікаў у вайне.

Суаўтар дакументальнай кнігі «Добрабаты», былы прэс-афіцэр батальёнаў «Днепр-1» і «Данбас» Васіліса Трафімовіч, у размове з журналістам belsat.eu выказала меркаванне, што беларусаў-удзельнікаў АТА за 4 гады канфлікту было значна больш.

Васіліса Трафімовіч

«Канкрэтна грамадзянаў Рэспублікі Беларусь – думаю, каля 400-500 набярэцца. Гэта менавіта людзі з грамадзянствам. А этнічных беларусаў – тых, хто атрымаў грамадзянства Украіны ў 90-х ці нават пазней – іх значна болей», –адзначыла яна.

Васіліса Трафімовіч кажа, што беларусы складалі адну з самых вялікіх замежных нацыянальных груп сярод удзельнікаў АТА – нароўні з грузінамі, чачэнцамі ды расейцамі (цалкам інтэрв’ю з Васілісай Трафімовіч пра феномен украінскіх добрабатаў і беларусаў у іх шэрагах чытайце на сайце belsat.eu неўзабаве).

Вайна на Данбасе, 2014 год. Фота © Sergii Kharchenko/NurPhoto/ZUMA Wire)

Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, беларусы ў АТА – гэта не толькі байцы «Правага сектару», «Азову», «Данбасу» або іншых вядомых добраахвотніцкіх батальёнаў. Гэта і байцы звычайных падраздзяленняў Узброеных сіл Украіны (УСУ), дзе яны служаць абсалютна легальна па кантракце. Улетку 2016 года прэзідэнт Пятро Парашэнка падпісаў Указ №248, які дазваляе замежнікам і асобам без грамадзянства праходзіць службу ва Узброенных сілах Украіны. Аналагічны ўказ у снежні 2015 года Парашэнка падпісаў наконт службы ў Нацыянальнай гвардыі. Дарэчы, усе добрабаты ва Украіне (за выключэннем ДУК «Правы сектар») сёння належаць да той ці іншай сілавой структуры.

У траўні 2017 года прадстаўнік УСУ заявіў СМІ, што толькі ва ўкраінскім войску служаць каля 100 асобаў – пераважна грамадзяне Беларусі, Грузіі, Літвы, Малдовы ды Расеі. Дакладных лічбаў наконт беларусаў ні УСУ, ні МУС, ні Нацгвардыя не прадстаўляе.

На баку ЛДНР

Калі статыстыка па ўкраінскіх сілавых структурах пераважна засакрэчана, то агульнай статыстыкі па незаконных узброеных фармаваннях ДНР і ЛНР наогул не існуе. Удзельнікі канфлікту з боку сепаратыстаў адзначаюць: справаздачнасць у баевікоў заўсёды вялася вельмі кепска, а напачатку канфлікту яна амаль зусім не вялася. Ня рэдка магло адбывацца так, што чалавек паспеў паваяваць (а можа нават і загінуць), але не пакінуў у дакументах баевікоў аніякага следу.

Вось што распавёў belsat.eu на гэты конт Аляксандр Жучкоўскі – удзельнік вайны на Данбасе, які цяпер займаецца забеспячэннем і фінансаваннем узброеных фармаванняў ЛДНР, і вядзе папулярны сярод прыхільнікаў «Наваросіі» блог:

«Статыстыкі ў апалчэнні ніколі не вялося і цяпер у войсках не вядзецца. Дакладную колькасць усіх добраахвотнікаў (з немясцовых) на Данбасе назваць складана – роскід вялізарны, называюць лічбы ад 30 да 50 тыс. байцоў з Расеі і іншых краін. А ўжо з асобнай краіны назваць колькасць амаль немагчыма. Адназначна магу сказаць, што з Беларусі людзей было і застаецца шмат, у кожным буйным падраздзяленні ёсць грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Па колькасці добраахвотнікаў пасля РФ лідзіруе Беларусь, потым ідзе Казахстан».

Аляксандр Жучкоўскі (у цэнтры) на Данбасе. Фота – ВК

Жучкоўскі мяркуе, што за ЛДНР за чатыры гады ваявалі ад 700 да 1000 беларусаў.

Гэтыя лічбы цалкам адпавядаюць ацэнкам Аляксандра Агрэніча («Гарыныча») – аднаго з найбольш вядомых беларусаў-баевікоў, палявога камандзіра, які ўзначальвае падраздзяленне выведкі ў ЛДНР. У 2016 годзе ён ацэньваў колькасць беларусаў на баку сепаратыстаў у 700-800 чалавек.

Беларус Аляксандр Агрэніч

Але найбольш кампетэнтная крыніца на баку ЛДНР, з якой belsat.eu атрымалася пагутарыць, гэта Міхаіл Палынкоў. Ён не толькі з’яўляецца адным з бліжэйшых паплечнікаў былога «міністра абароны» ДНР Ігара Стралкова-Гіркіна, але і асабіста каардынаваў вярбоўку байцоў у шэрагі «Наваросіі» – у тым ліку сярод замежных грамадзян.

«Дакладнай статыстыкі вам ніхто не дасць. Магу сказаць толькі, што беларусы былі на трэцім месцы сярод нацыяў у апалчэнні на Данбасе. На першым месцы – украінцы па пашпарце. На другім – расейцы, грамадзяне РФ. На трэцім – беларусы. Потым у парадку змяншэння: сербы, рускія (і не толькі рускія) з Казахстану, чачэнцы і г. д. Беларусаў, мяркую, было ў межах тысячы чалавек», – кажа ён.

Міхаіл Палынкоў

Лічба ў 1 тысячу чалавек дастаткова сур’ёзная нават у чыста вайсковым плане – дэ-факта з беларусаў на баку ЛДНР можна было б сабраць два паўнавартасныя батальёны.

Што кажуць спецслужбы Украіны

Цікава, што афіцыйны Кіеў стараецца не акцэнтаваць увагу на маштабах удзелу беларускіх грамадзян у вайне на баку сепаратыстаў. З аднаго боку, у Кіеве неаднаразова публічна прад’яўлялі прэтэнзіі да Сербіі за тое, што ў складзе фармаванняў ЛДНР ваявала шмат сербаў (паводле СБУ – больш за 300 наймітаў). Пры гэтым украінскія ўлады ніколі публічна не ўздымалі аналагічнае пытанне наконт беларусаў, хаця ўсе крыніцы «Белсату» аднагалосна кажуць, што беларусаў у ЛДНР было значна больш за сербаў. Мяркуючы па ўсім, украінскі ўрад проста не хоча на гэтай тэме сапсаваць і без таго няпростыя дачыненні з Менскам.

У адказ на зварот belsat.eu у Службе бяспекі Украіны заявілі, што на дадзены момант устаноўлена 28 грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку ЛДНР. Пры гэтым у межах крымінальных справаў, якія расследуюцца СБУ, ніводнага падазрэння беларусам-баевікам не высоўвалася.

Лічбы СБУ вельмі далёкія ад рэальнасці. Гэта даказвае той факт, што толькі ў СМІ лёгка можна знайсці імёны і прозвішчы прыкладна 50-60 беларусаў-баевікоў. Ва ўкраінскай базе «Міратворац» знаходзяцца дадзеныя 119 беларусаў, якіх валанцёры цэнтру аднеслі да «наймітаў і іхных хаўруснікаў».

Што кажуць спецслужбы Беларусі

Данбас, 2014 год. © Sergii Kharchenko/NurPhoto/ZUMA Wire

Няма сумневаў, што найбольш дакладна агульныя маштабы ўдзелу беларускіх грамадзянаў у вайне вядомыя спецслужбам Беларусі. Але сілавікі гэтыя лічбы стараюцца не распаўсюджваць.

У адказ на зварот журналіста belsat.eu з Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ведамства, якое нароўні з КДБ займаецца ўдзельнікамі вайны на Данбасе) прыйшла фармальная адпіска, у якой адзначаецца: ГУБАЗіК па гэтай праблеме «праводзіць усе неабходныя аперытаўна-вышуковыя мерапрыемствы». Ніякіх лічбаў у адказе не фігуравала.

Раней, у 2016 годзе, кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў усё ж агучваў лічбы – у інтэрв’ю «Звяздзе» ён казаў пра 135 крымінальных справаў супраць беларусаў, што ўдзельнічалі ў вайне на Данбасе. У тым жа годзе старшыня КДБ Валеры Вакульчык заяўляў пра 138 крымінальных справаў. Вядома, колькасць справаў не супадае з агульнай колькасцю ўдзельнікаў вайны на Данбасе: да прыкладу, дакладна вядома, што ў 2016 годзе на радзіму прыязджалі мінімум 8 беларусаў-баевікоў, і ніводны з іх не трапіў пад крымінальны пераслед.

Максімальная лічба беларусаў на вайне, якую агучвалі ўлады за ўвесь час канфлікту, гэта 140 чалавек – такія дадзеныя са спасылкаю на МУС фігуравалі ў праграмным артыкуле «СБ-Беларусь сегодня» пад назвай «Гастарбайтэры вайны».

Ігар Шуневіч. Фота tvr.by

Найцікавейшую заяву па тэме беларусаў на Данбасе зрабіў кіраўнік МУС Беларусі Ігар Шуневічу 2016 годзе ён распавёў пра тое, што на аднаго беларуса, што ваюе на баку Украіны, прыпадаюць тры беларусы на баку ЛДНР. Гэтай заяве Шуневіча цалкам можна давяраць. Па-першае, міністр наўрад ці зацікаўлены ў тым, каб завышаць колькасць прыхільнікаў «русского мира» ў Беларусі. Па-другое, крыніцы belsat.eu мяркуюць, што суадносіны 1 да 3 сапраўды адпавядаюць рэчаіснасці.

«Я думаю, гэта адпавядае сітуацыі ў грамадстве. У нас ⅓ – гэта людзі які выступаюць за беларускую мову і культуру. Астатнія 70 % знаходзяцца пад сур’ёзным уплывам Расеі. Таму нічога дзіўнага, усё натуральна», – кажа Зміцер Палойка – былы баец добраахвотніцкага батальёну «Данбас», які цяпер служыць ва УСУ па кантракце.

«Беларускія лічбы» вайны

Формула Шуневіча – ключавая для нашага расследавання, бо яна ўскосна пацвярджае лічбы, атрыманыя belsat.eu.

Гэткім чынам, паводле самых мінімальных ацэнак, на баку Украіну з 2014 па 2018 год ваявалі 200-250 чалавек. Калі скарыстацца формулай Шуневіча, то атрымліваецца, што праз атрады ЛДНР за гэты самы час прайшлі мінімум 600-750 чалавек (што цалкам суадносіцца з ацэнкамі нашых крыніцаў з супрацьлеглага боку). Агулам мы атрымліваем 800-1000 беларусаў, якія ваявалі на Данбасе. Калі мы будзем сыходзіць з максімальных ацэнак, то колькасць беларусаў-удзельнікаў вайны складзе каля 1500 чалавек. Але найбольш верагодным усё ж прадстаўляецца ўзровень у 1 тыс. беларускіх грамадзянаў.

Некаторыя з іх ужо ніколі не вернуцца дадому. Дакладна вядома: на баку ЛДНР загінулі як мінімум 7 беларусаў (праўда, хутчэй за ўсё, загінулых было больш). Адзін беларус – Алесь Чаркашын – загінуў на Данбасе, змагаючыся за Украіну.

Тры беларусы-баевікі – Віталь Катлабай, Віталь Мітрафанаў і Аляксей Яршоў – былі асуджаны ў Беларусі за свой удзел у вайне, але толькі адзін з іх трапіў у папраўчую калонію. Вялікія тэрміны зняволення атрымалі ў Беларусі Стас Ганчароў і Тарас Аватараў, што ваявалі ва ўкраінскіх добраахвотніцкіх батальёнах. Яшчэ двое беларусаў-добраахвотнікаў трапілі ў турму ва Украіне: Данііл Ляшук («Маджахед») быў асуджаны да 10 гадоў за шматлікія ваенныя злачынствы ў складзе батальёну «Тарнада», а Ігара Кляўко з «Данбасу» абвінавацілі ў выкраданні і забойстве цывільнага (падчас следства яго памясцілі і псіхіятрычны шпіталь, дзе той цяпер і знаходзіцца).

***

Вайна на Данбасе, 2014 год. Фота © Sergii Kharchenko/NurPhoto/ZUMA Wire)

Пакуль канфлікт на Данбасе не скончыўся, атрымаць вычарпальныя дадзеныя па беларускіх грамадзянах, што ў ім удзельнічалі, не прадстаўляецца магчымым. Таму сённяшняе расследаванне belsat.eu – толькі першы крок у гэтым напрамку.

Без доступу да афіцыйных дакументаў адназначна сцвярджаць, колькі беларусаў ваявалі ў 2014-2018 гг. сапраўды нельга. Але ўжо цяпер можна казаць: вайна на Данбасе адзначылася самым масштабным удзелам беларусаў ва ўзброеным канфлікце ў XXI стагоддзі.

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў