Колькі Беларусь выдаткоўвае грошай на дзяцей? Параўноўваем з іншымі краінамі


З лютага ў Беларусі вырасце дзяржаўная дапамога на дзяцей да 3-х гадоў – на суму ад 33,42 да 42,97 рублёў. Belsat.eu параўнаў «дзіцячыя грошы» ў Беларусі і ў іншых краінах.

Для складання агульнай карціны параўнаць толькі ўзровень дапамогі на дзяцей у Беларусі і іншых краінах немагчыма, бо ў кожным выпадку трэба ўлічваць дадатковыя сацыяльныя выплаты і льготы, якімі карыстаюцца грамадзяне, а таксама ўзровень цэнаў і заробкі ў краіне. Мы вырашылі абмежавацца толькі непасрэдна параўнаннем дзяржаўнай дапамогі на дзяцей з улікам сярэдняга заробку па краіне па стане на 2018 год.

Да таго дзяржаўную дапамогу на дзяцей да 3-х гадоў не трэба блытаць з іншымі выплатамі – аплатай адпачынку па цяжарнасці або аднаразовымі выплатамі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці.

Беларусь. Сярэдні заробак – 1115,3 рубля

У Беларусі дапамога на дзяцей да трох гадоў наўпрост прывязаная да сярэдняга заробку па краіне. На першае дзіця ў сям’і дзяржава выдаткоўвае 35 % ад сярэдняга заробку, на другое – 40 %, на дзіця-інваліда – 45 %. З 1 лютага гэта будзе складаць 362,46 рубля, 414,24 рубля і 466,02 рубля штомесяц адпаведна. У выпадку, калі абодва бацькі працуюць, дапамога скарачаецца на 50 %.

Калі дзіцё ў сям’і адно, то пачынаючы з 3-х гадоў бацькі ўжо нічога на яго не атрымліваюць ад дзяржавы. Аднак асобна прадугледжана штомесячная дапамога на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў на перыяд, калі адначасова бацькі выхоўваюць дзіця ва ўзросце да трох гадоў. Гэтыя выплаты прывязаныя да бюджэту пражыткавага мінімуму і на цяперашні час складаюць 107,11 рубля штомесяц – адпаведна пакуль малодшаму з дзяцей не споўніцца 3 гады.

Акрамя таго ў Беларусі існуе так званы сямейны капітал – аднаразовая безнаяўная грашовая дапамога пры нараджэнні трэцяга дзіцяці. Памер сямейнага капіталу – 10 тыс. долараў. Але грошы можна выкарыстаць толькі на некаторыя напрамкі – паляпшэнне жыллёвых умоваў, адукацыя, атрыманне паслугаў у сферы аховы здароўя.

Малюнак – ДЛ/Belsat.eu

Літва. Сярэдні заробак – 895,2 еўра

Дапамога для дзяцей у Літве стала агульнай і фіксаванай з 2019 года. Раней выплаты былі прадугледжаны толькі для сем’яў з невысокімі заробкамі. Цяпер незалежна ад даходаў бацькоў на дзіцяці ва ўзросце да 18 гадоў (а калі ён атрымлівае адукацыю, то і да 21 года) дзяржава будзе выдзяляць дапамогу ў памеры 30 еўраў штомесяц. Калі дзяцей у сям’і больш за аднаго, то на дзіця да 2 гадоў будзе выдаткоўвацца 58,5 еўра штомесяц, а на старэйшых дзяцей – 45,2 еўра.

Фактычна гэтую дапамогу можна лічыць «дзіцячымі грошамі» – то бок дапамога не залежыць ад таго, ці працуць бацькі і колькі яны зарабляюць. Натуральна, дапамога па нагляду за дзяцьмі існуе асобна. Калі маці знаходзіцца ў адпачынку для нагляду за дзіцём цягам 1 году, то яна атрымлівае 90% свайго папярэдняга заробку, калі два – то 75% у першы і 40% у другі год.

Польшча. Сярэдні заробак – 5275 злотых (больш за 1 229,5 еўра)

З 2016 года ў Польшчы працуе спецыяльная праграма «Сям’я 500+», якой могуць скарыстацца не толькі палякі, але замежнікі, якія пражываюць у краіне і якія адпавядаюць неабходным патрабаванням. У межах гэтай праграмы бацькі могуць разлічваць на дапамогу ў суме 500 злотых (прыкладна 132 долараў), якая выплачваецца штомесяц на другое і кожнае наступнае дзіця да дасягнення 18-гадовага ўзросту.

Выплаты на першае дзіцё сямʼя можа атрымаць, калі яе даход не перавышае 800 злотых у месяц на чалавека. Калі дзіця з абмежаванымі магчымасцямі, то ліміт складае 1200 злотых у месяц.

Акрамя таго, у дэкрэтным адпачынку польская дзяржава зніжае для маладых бацькоў падаткі і кампенсуе да 80% заробкаў.

Чаму ў Беларусі дзеці сядзяць на шыі ў бацькоў і не вучацца зарабляць грошы?

Украіна. Сярэдні заробак – 9 161 грыўняў (прыкладна 330 долараў)

Фінансавую дапамогу ад дзяржавы бацькі атрымліваюць цягам трох гадоў пасля нараджэння дзіцяці. Агульная сума – 41 280 грыўняў (1485 долараў) і яна не мяняецца з 2014 года. Выплаты робяцца ў некалькі траншаў: 10 320 адразу і потым па 860 штомесяц. Ад таго, якое дзіцё па ліку – першае, другое або трэцяе – сума выплаты не залежыць.

Расея. Сярэдні заробак – 42 332 расейскія рублі (каля 641 долар)

Дапамога на дзяцей у Расеі залежыць ад колькасці і ўзросту дзяцей. Памер, парадак прызначэння і выплаты штомесячнай дапамогі на дзіця рэгулююцца заканадаўствам субʼектаў РФ.

Мінімальная штомесячная дзяржаўная дапамога на дзяцей ва ўзросце да 1,5 года складае 4512 расейскіх рублі (68 долараў) на першага і 6284 на другога. Але максімальная дапамога на адно дзіця складае 26 152 расейскія рублі (396 долараў). Дакладная колькасць залежыць ад заробку бацькоў і рэгіёну РФ, дзе яны жывуць.

Пры нараджэнні другога і наступнага дзіцяці бацькі атрымліваюць сертыфікат на мацярынскі капітал наміналам 453 026 расейскіх рублёў (6863 долараў). Аднак мэты, на якія можна выкарыстоўваць гэтыя грошы, абмежаваныя, таму дапамога часткова застаецца віртуальнай (як і ў выпадку з беларускім сямейным капіталам).

Фінляндыя. Сярэдні заробак – 3 418 еўраў

Дапамога для догляду за дзецьмі ў Фінляндыі складае штомесяц на адно дзіця 342,5 еўра да трох гадоў і 65,8 еўра на дзяцей, старэйшых за 3 гады, але дашкольнага ўзросту.

Акрамя таго існуе дзяржаўная дапамога ўласна на дзіця. У Фінляндыі яна выплочваецца нацыянальнай установай сацыяльнага страхавання KELA. Выплаты робяцца штомесяц аж да 17-годдзя дзіцяці. Дапамога на першае дзіця складае 95 еўраў штомесяц, на другое – 105 еўраў, трэцяе – 135 еўраў, чацвертае – 154 еўры, пятае – 174 еўры. Падаткам дапамога не абкладаецца і сама па сябе яна не залежыць ад таго, ці працуюць бацькі.

Натуральна, усё гэта існуе без уліку аплаты дэкрэтнага адпачынку і іншых ільготаў.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары