«Колькасць палітзняволеных будзе ісці на сотні». Што трэба ведаць пра суды ў крымінальных палітычных справах


На дзень 7 студзеня вядома пра больш за 900 крымінальных справаў, распачатых у сувязі з выбарчаю кампаніяй і пратэстамі ў Беларусі. 169 чалавек прызнаныя палітычнымі вязнямі. Больш за 100 чалавек ужо былі асуджаныя. Аднак гэтыя лічбы вельмі ўмоўныя: рэальныя паказнікі рэпрэсіяў могуць быць значна вышэйшыя.

«Сваякі баяцца публічнасці»

У судзе Савецкага раёну разглядалі крымінальную справу Наталлі Хершэ паводле арт. 363.2. Менск, Беларусь. 3 снежня 2020 года.
Фота: «Белсат»

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на дзень 5 студзеня ў Беларусі паводле палітычна матываваных справаў былі асуджаныя 103 асобы. У тым ліку 40 чалавек асудзілі ў Менску (з іх 18 атрымалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінамі ад 2 да 5 гадоў), 7 – на Магілёўшчыне (пяцёра – ад 1 да 4 гадоў калоніі), 11 – на Віцебшчыне (шасцёра – ад 1,5 да 4,5 года калоніі), 13 – на Гомельшчыне (шасцёра – ад 1 да 5 гадоў калоніі), 13 – на Гарадзеншчыне (трое пакараныя пазбаўленнем волі), 11 – на Берасцейшчыне (трое пакараныя пазбаўленнем волі) і 8 – на Меншчыне.

Аднак ужо 6 студзеня статыстыка была абноўленая: у гэты дзень стала вядома пра 4 новыя прысуды. Такім чынам, агулам паводле палітычных справаў асуджаныя мінімум 107 асобаў. Пры гэтым пакуль не ўсе з іх прызнаныя палітычнымі вязнямі – перш за ўсё, праз недахоп інфармацыі.

Вынесеныя прысуды ў справе блакавання дарогі ў Серабранцы.
Фота: «Белсат»

«Некаторыя суды мы нават не адсочвалі, бо проста пра іх не ведалі, – канстатуе намеснік ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч. – Вельмі часта мы даведваемся пра суды постфактум, бо сваякі баяцца публічнасці, баяцца звяртацца да праваабаронцаў, бо думаюць, што гэта кепска паўплывае на лёс іхных блізкіх і суд праявіць літасць, калі справа будзе непублічнаю».

Акрамя таго, некаторыя справы звязаныя з абвінавачаннямі ў здзяйсненні гвалту супраць міліцыянтаў, а значыць, патрэбны больш глыбокі маніторынг судовага паседжання.

«Калі справа звязаная з рэалізацыяй грамадзянінам нейкіх канкрэтных правоў, калі, напрыклад, чалавек выказваў сваё меркаванне надпісам «Не забудзем», то ў такіх выпадках мы нават суда не чакаем, бо відавочна, што гэтыя дзеянні не ўтрымліваюць складу крымінальнага злачынства і знаходзяцца пад абаронаю Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. А чалавека вінавацяць у гвалце, то там могуць быць розныя выпадкі. Таму патрэбны глыбокі маніторынг, па выніках якога мы пішам заключэнні», – тлумачыць праваабаронца.

Hавiны
Былога ўладальніка «Новай газеты Смаргоні» асудзілі па справе аб паклёпе на міліцыянтаў
2021.01.05 11:15

«Крымінальных справаў можа быць і тысяча, і болей»

На дзень 7 студзеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 169 чалавек. Стэфановіч падкрэслівае, што гэтая лічба досыць умоўная.

«Людзей, якія патэнцыйна ёсць палітзняволенымі, значна болей. Напрыклад, ёсць дастаткова вялікая колькасць людзей, якія асуджаныя да абмежавання волі, але мы іх яшчэ не прызналі палітвязнямі з чыста тэхнічнай прычыны, бо яны абскарджваюць прысуды і пакуль застаюцца на волі. Як толькі прысуды набудуць законную моц і гэтых людзей накіруюць у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу, то яны аўтаматычна стануць палітзняволенымі. Таму ў хуткім часе гэтая лічба зменіцца. Колькасць палітзняволеных будзе ісці на сотні», – перакананы ён.

Праваабаронцы не маюць вычарпальнай інфармацыі пра колькасць крымінальных справаў у сувязі з пратэстамі і выбарчаю кампаніяй у Беларусі. ПЦ «Вясна» арыентуюцца ў гэтым выпадку на словы генеральнага пракурора Андрэя Шведа, які 28 кастрычніка заявіў, што ў сувязі з пратэстамі ў краіне распачатыя 657 крымінальных справаў. Потым за марш 1 лістапада распачалі адразу 231 крымінальную справу. Шэраг крымінальных справаў былі заведзеныя пасля акцыі пратэсту 15 лістапада (у тым ліку супраць журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай).

Hавiны
Даша і Каця. 50 дзён журналісткі «Белсату» сядзяць за кратамі
2021.01.04 16:31

Распачыналіся новыя крымінальныя справы за выхад на праезную частку падчас лакальных акцыяў пратэсту, за допісы ў інтэрнэце, публічныя выказванні ды іншыя дзеянні, пра што рэгулярна паведамлялі прэс-службы МУС, СК і Генпракуратуры. Такім чынам, праз супастаўленне лічбаў, што з’яўляліся ў адкрытых крыніцах, можна прыйсці да высновы, што ў сувязі з пратэстамі ў Беларусі было распачата больш за 900 справаў. Пры гэтым праваабаронцам на гэты момант вядомыя імёны толькі 650 асобаў, якія трапілі пад крымінальны пераслед.

«Кажучы пра больш як 900 справаў, мы зыходзім са словаў генпракурора. А рэальныя лічбы ніхто не ведае (хіба што ён сам). Я дапускаю, што такіх крымінальных справаў можа быць і тысяча, і болей», – канстатуе Стэфановіч.

Hавiны
«Нанёс шкоду на 30 рублёў». У Магілёве судзяць мужчыну, які раскідаў самарэзы побач з будынкамі КДК, УСК, ГУБАЗіК і МУС
2021.01.05 15:07

Ад «масавых закалотаў» да дыфамацыйных артыкулаў

Пакуль самы жорсткі палітычна матываваны прысуд вынеслі палітвязню Уладзіміру Гароху – 7 гадоў зняволення. Яго судзілі ў справе пра нібыта рыхтаванне масавых закалотаў у Наваградку ды іншых раёнах Гарадзенскай вобласці (ч. 1 і ч. 3 арт. 293 КК). Агулам праваабаронцам вядомыя імёны амаль 180 чалавек, якія праходзяць у крымінальных справах, распачатых за «масавыя закалоты». Аднак з іх да суда пакуль дайшлі толькі справы жыхароў Наваградку Уладзіміра Гароха і Дзяніса Кірэшчанкі.

Уладзімір Гарох (стаіць) і Дзяніс Кірэшчанка ў судзе 15 снежня.
Фота: «Белсат»

Большасці з ужо асуджаных выстаўлялі абвінавачанне паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў»), арт. 363 («Супраціў працаўніку органаў унутраных справаў») і арт. 342 («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Звычайна гэтыя справы былі звязаныя беспасярэдне з падзеямі, што адбываліся падчас акцыяў пратэсту. Аднак шырока выкарыстоўваюцца і іншыя артыкулы.

Напрыклад, за палітычныя графіці распачыналіся крымінальныя справы за зацятае хуліганства (арт. 339) і апаганьванне будынкаў ці псаванне маёмасці (арт. 341). Напрыклад, за надпіс на асфальце «Не забудзем» на месцы забойства дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага паводле арт. 339 КК былі асуджаныя пяць чалавек: Марыя Бабовіч (1,5 года «хатняй хіміі»), Дзяніс Граханаў і Ігар Самусенка (абодва – па 1,5 года «хіміі»), Максім Паўлюшчык і Уладзіслаў Гуліса (абодва – па 2 гады калоніі). А 21-гадовую мянчанку Марыю Сафонаву пакаралі двума месяцамі арышту за надпіс «Жыве Беларусь» і выяву бел-чырвона-белага сцяга на жылым доме, дзвярах у склеп, парэнчах, ходніку і скрыні для смецця.

Аб’ектыў
«Хімія» і турма за надпіс «Не забудзем»
2020.12.08 22:13

Таксама разгледжанія больш за дзясятак справаў паводле дыфамацыйных артыкулаў: за знявагу дзяржаўнай сімволікі (арт. 370 КК, хаця некаторыя справы за «абразу» сцяга кваліфікаваліся паводле арт. 339 КК), абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і прэзідэнта (арт. 368 КК), паклёп (арт. 188 КК) ды інш.

Марыю Бабовіч, якой далі 1,5 года «хіміі», выпусцілі з залы суда.
Фота: belsat.eu
Даведка

Дыфамацыя – распаўсюд ганебнай інфармацыі. У адрозненне ад паклёпу, дыфамацыя выяўляецца ў тым, што ў публікацыях ды іншых крыніцах можа распаўсюджвацца не толькі ілжывая інфармацыя, але і абʼектыўная.

Напрыклад, гарадзенку Юлію Аршун 6 студзеня пакаралі 2 гадамі «хатняй хіміі» за абразлівы каментар пад фатаграфіяй міліцыянта ў цывільным у адным з тэлеграм-каналаў. А студэнта МДЛУ Іллю Тананку 26 лістапада прысудзілі да 1 года і 6 месяцаў «хіміі» за тое, што ён напісаў «Балаба – забойца» на папяровай абвестцы на інфармацыйным стэндзе ў пад’ездзе кіраўніка менскага АМАПу.

Hавiны
Студэнту за абразу начальніка менскага АМАПу далі паўтары гады «хіміі»
2020.11.26 12:52

У Нясвіжскім раёне 65-гадовую жанчыну пакаралі годам «хатняй хіміі» за нецэнзурны каментар пад фатаграфіяй працаўніка Светлагорскага РАУС, а жыхару Маладзечна прысудзілі 1,5 года «хіміі» за абразлівы надпіс на будынку пра начальніка мясцовай міліцыі. А ў Берасці 17-гадовы Арцём Зелянкоў атрымаў 6 месяцаў «хатняй хіміі» за спробу спаліць дзяржаўны сцяг.

Паводле Стэфановіча, праваабаронцы настойваюць на поўнай дэкрыміналізацыі дыфамацыйных артыкулаў, кіруючыся ў тым ліку пазіцыяй Камітэту правоў чалавека ААН.

Аб’ектыў
Вынік справы перакрыцця дарогі ў Серабранцы
2020.12.22 22:55

Суды заўсёды на баку сілавікоў

Стэфановіч звяртае ўвагу, што судовыя працэсы дэманструюць адну відавочную заканамернасць: паводле артыкулаў за гвалт або супраціў міліцыі выракі выносяцца максімальна жорсткія.

«Заканамернасць тут відавочная. Па-першае, бачна, што суды не даюць ацэнкі законнасці дзейнасці працаўнікоў міліцыі. То бок суды апрыёры зыходзяць з таго, што ўсе дзеянні міліцыі законныя. Адпаведна, калі міліцыянту не падпарадкоўваюцца або аказваюць супраціў, то выкарыстоўваюцца механізмы дадатковай абароны міліцыянтаў, бо яны выконваюць функцыі ў абароне грамадскага парадку. Але мы з такімі падыходамі катэгарычна не згодныя, бо тыя сходы, пра якія ідзе гаворка, носяць мірны характар», – падкрэслівае праваабаронца.

Затрыманні каля станцыі метро «Няміга», 23 верасня.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Стэфановіч адзначае, што людзі падчас мітынгаў рэалізоўвалі сваё права на выказванне меркавання, гарантаванае як Канстытуцыяй, так і міжнародным заканадаўствам.

«Паводле кіроўных прынцыпаў АБСЕ аб свабодзе мірных сходаў, такія сходы, нават калі яны адбываюцца з парушэннем працэдураў, але носяць мірны характар, павінны быць пад абаронаю дзяржавы. Таму мы маем справу з тым, што міліцыянты дзейнічаюць, парушаючы свабоды грамадзянаў. Усе гэтыя дзеянні варта было б разглядаць у кантэксце проста прычынення фізічнай шкоды ці гвалту, без уліку дадатковай абароны асобы, што выконвае функцыі ў ахове грамадскага парадку. Бо гэта ніякая не ахова грамадскага парадку», – дадае намеснік кіраўніка ПЦ «Вясна».

Затрыманне на «Народнай інаўгурацыі» Ціханоўскай. 27 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Акрамя таго, у большасці выпадкаў дзеянні абвінавачаных або не мелі сур’ёзных наступстваў для міліцыянта, або ў прынцыпе не былі гвалтам. «Але суды выносяць вельмі жорсткія прысуды, звязаныя з пазбаўленнем волі. Хаця могуць тэарэтычна выкарыстоўваць і іншыя віды пакарання. Мы нават бачылі выпадкі, калі чалавек быў не пад вартай, але яму ўсё роўна абіралі меру пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі і ўжо ў судзе бралі пад варту», – кажа адмысловец.

Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцігнееў на першым судовым паседжанні.
Фота: spring96.org

Напрыклад, у Маладзечне за штурханіну з амапаўцамі падчас акцыі пратэсту 19 чэрвеня Павел Пяскоў атрымаў тры гады і тры месяцы пазбаўлення волі, а Уладзіслаў Еўсцігнееў – 3 гады. Пры гэтым наступствы дзеянняў Пяскова і Еўсцігнеева абмяжоўваліся тым, што міліцыянт атрымаў некалькі драпінаў і пашкоджанне формы.

Уладзімір Шустаў.
Фота: belsat.eu

У Магілёве Уладзіміра Шустава пакаралі 3 гадамі зняволення за тое, што ён падчас жорсткага разгону мітынгу, падаючы на зямлю, закрануў галавою тулава міліцыянта, а затым, спрабуючы ўтрымацца, ухапіўся за ягоныя ногі. Міліцыянт не атрымаў нават драпіны, ён проста ўпаў на ягадзіцы. А ў Менску 44-гадовы прадпрымальнік Дзмітрый Галко атрымаў тры гады пазбаўлення волі за тое, што спрабаваў выбіць з рук «ціхара» відэакамеру: той здымаў дваравы канцэрт і сцвярджаў, што вядзе аматарскую здымку.

Паводле Стэфановіча, у непалітычных, бытавых справах канфлікты з міліцыянтамі караюцца значна менш жорстка.

«Людзям, якія нават мелі судзімасці, не прысуджалі пазбаўлення волі, а выносіліся іншыя пакаранні: абмежаванне волі без накіравання або арышт на некалькі месяцаў. То бок ёсць відавочная тэндэнцыя непрапарцыйна жорсткіх пакаранняў, у чым і праяўляецца палітычны матыў», – дадае праваабаронца.

Наталля Хершэ ў судзе Савецкага раёну Менску.
Фота: АД / «Белсат»

Найбольш паказальным у гэтым сэнсе Стэфановіч лічыць выпадак палітзняволенай Наталлі Хершэ, якая атрымала 2 гады і 6 месяцаў калоніі за тое, што падчас затрымання сарвала балаклаву з амапаўца і выпадкова пры гэтым драпнула яго па твары. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што дзеянні Хершэ наагул нельга кваліфікаваць як супраціў міліцыі, бо акт зняцця з амапаўца балаклавы ёсць дзеяннем сімвалічнага характару, скіраваным на дэананімізацыю амапаўцаў, якія адвольна затрымліваюць пратэстоўцаў і ўжываюць да іх гвалт.

«За гэта яна атрымала два з паловаю гады калоніі. Гэта яскравы прыклад непрапарцыйна жорсткага прысуду, які абсалютна неадэкватны таму, у чым чалавека абвінавачваюць», – рэзюмуе Стэфановіч.

***

«Вясна» напярэдадні апублікавала справаздачу і наконт палітычна матываванага адміністратыўнага пераследу. Паводле праваабаронцаў, з 9 жніўня да 31 снежня 2020 года былі зафіксаваныя 26 577 выпадкаў затрыманняў за ўдзел у мірных акцыях пратэсту (усяго затрымалі 25 326 асобаў, то бок некаторых арыштоўвалі некалькі разоў). Агулам яны былі пакараныя 83 006 соднямі адміністратыўнага арышту. У выніку гвалту сілавікоў 5 чалавек былі забітыя, 10 атрымалі агнявыя раненні, 482 пратэстоўцы з траўмамі былі шпіталізаваныя, а яшчэ 381 асобу збілі або моцна збілі.

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў