Коласаўскаму ліцэю – 29. Блогер NEXTA ды іншыя выпускнікі – пра сваю альма-матар


Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, які спачатку існаваў як ліцэй нядзельнага тыпу, быў заснаваны 14 студзеня 1990 года. Праз год загадам Міністэрства народнай адукацыі БССР ліцэй стаўся стацыянарнаю навучальнай установаю з сядзібаю на вуліцы Кірава 21.

У 2003-ім ліцэй пазбавіўся свайго афіцыйнага статусу, калі ўлады намагаліся змяніць яго дырэктара – Уладзіміра Коласа – і навязаць расейскамоўную праграму навучання. Цяпер навучальная ўстанова дзеіць на ўскраіне Менску ды легалізавалася на базе адной з міжнародных школаў Польшчы.

Выпускнікі ліцэю падзяліліся з belsat.eu сваймі ўспамінамі пра час навучання.

Вольга Данішэвіч (выпуск 1999)

Фота з архіву Вольгі Данішэвіч

Памятаю, як мы ездзілі з ліцэем увесну на станцыю Зялёнае. Там праводзілі розныя спартовыя спаборніцтвы, рабілі вогнішча. Гэта былі вельмі радасныя дні. І не толькі таму, што не было заняткаў! Яшчэ ўзгадваю заняткі фізкультурай у парку Горкага. Ішлі ў парк па вуліцы Карла Маркса. Асабліва цяжка было вяртацца ў ліцэй, бо вуліца ідзе ўгару, а мы і так ужо стомленыя пасля прабежкі ў парку.

Віталь Зыблюк, журналіст, прадзюсар (выпуск 2001)

У ліцэй я трапіў пасля школьнага фізмату і ішоў туды, каб падцягнуць мовы і далей паступіць у Наргас. Але атрымалася так, што цалкам закінуў і фізіку, і матэматыку ды адкрыў гуманітарны свет. Пазней, калі паступаў на філфак БДУ, здаў літаратуру на 10. Памятаю, як пасля Лявон Баршчэўскі ставіў мяне ў прыклад маладым ліцэістам, як трэба вучыцца і весці канспекты. А я адкрываў гэтыя сшыткі з выведзенымі яго рукой двойкамі і ўсміхаўся.

Фота з архіву Віталя Зыблюка

Уразіў мяне неверагодны ўзровень выкладання і стаўлення выкладчыкаў да вучняў: як да роўных, як да людзей, якім самім патрэбнае навучанне, якіх не трэба ганяць палкай, як у школе. Фактычна, гэта быў ужо ўніверсітэт, прычым замежны. У нас і цяпер няма нават у нечым падобнай ВНУ.

Фота Facebook Франака Вячоркі. Віталь Зыблюк – злева з яшчэ аднім ліцэістам Мікалаем Тоўсцікам

Прыколаў было шмат: ад хуліганскіх падлеткавых да кпінаў у бок выкладчыкаў, але ўсё адно гэта было з павагай. А паколькі ліцэй быў гуманітарны, то і жарты ў нас былі адпаведна завуаляваныя.

Напрыклад, мы не казалі «схадзіць у прыбіральню», а – «да Жана». Чаму да Жана? Таму што Жан-Поль Сартр».

Ганна Кулакова, стваральніца брэнду Krasa.by (выпуск 2004)

«Ліцэй – назаўжды» – гэта быў адзін з неафіцыйных зваротаў сярод навучэнцаў. Так сталася, што ён дакладна адлюстроўвае месца ліцэя ў жыцці амаль кожнага з нас.

Самыя бясцэнныя рэчы, якія ён даў менавіта мне – уменне самастойна думаць і лепшых сяброў. Большы падарунак цяжка сабе ўявіць.

Фота з архіву Ганны Кулаковай

Кася Сырамолат, дызайнерка, фатографка, арт-дырэктарка 34 mag.net/34travel (выпуск 2005)

Першыя два гады, можна сказаць, мы жылі ў ліцэі. Падрыхтоўкі мерапрыемстваў, сцэнкі і тэатральныя пастаноўкі – усё гэта было нібыта нон-стопам, а ў перапынках навучальны матэрыял засвойваўся найбольш натуральна.

Найбольш каштоўным было знаходзіцца сярод людзей, якім так жа, як і табе, карцела вучыцца і рабіць нешта.

Фота Facebook

Мы перажылі бум сценгазетаў, дзе галоўнымі выдаўцамі былі Адэля Дубавец, Воля Прымачэнка, Франак Вячорка. Гэта былі відавочна першыя спробы, але са сваім характарам. І цяпер гэтыя людзі фармуюць ужо беларускую медыясферу.

Фота з архіву Касі Сырамолат
Фота з архіву Касі Сырамолат

Я памятаю, як ілюстравала адну сценгазету, пісала калонкі для другой. Не дзіва, што ў выніку лёс склаўся так, што я стала арт-дырэктарам у 34mag.

Ганна Любакова, журналістка-фрылансэрка (выпуск 2007)

Цёмным зімовым ранкам, праз гурбы снегу, спяшаюся ў адзін са ждановіцкіх катэджаў. Будынак ніяк не абазначаны, нягучна грукаюся і праслізгваю ўнутр.

Не, пароляў кшталту «Каго любіш? Люблю ліцэй!» не было. Не дзіва, што нас называлі «партызанамі» – некалькі дзясяткаў падлеткаў, якія навучаліся ва ўстанове, якой афіцыйна няма.

Фота з архіву Франака Вячоркі

У ліцэй я паступіла ў 2003 годзе – тады ж яго і зліквідавалі. Гэта быў першы ўрок самастойнасці, калі я мусіла вырашыць, ці гатовая вучыцца ў падполлі. Ліцэй даў грунтоўныя веды беларускай мовы.

Фота Facebook

А каб адпавядаць узроўню, якога ад нас патрабавала таленавіты педагог Валянціна Сіўковіч, мову давялося і палюбіць, прычым на ўсё жыццё. І трэці ўрок – расчараванне, калі Сіўковіч, аўтарку шэрагу падручнікаў і дапаможнікаў па беларускай мове, дырэкцыя ліцэю звольніла без тлумачэння прычынаў.

Сцяпан Святлоў, вядомы як блогер NEXTA (выпуск 2015)

Для мяне ліцэй асацыюецца ў першую чаргу з дысцыплінай. І ў тую ж чаргу – з нефармальным падыходам. З аднаго боку, падымацца штораніцы а шостай, каб праз увесь горад даехаць на заняткі да 9-й…

З іншага – туды ж заўжды хацелася ехаць: хатняя ды прыязная атмасфера, патрабавальныя ды справядлівыя, але спагадлівыя выкладчыкі.

Нельга не згадаць светлай памяці ката Моцарта, які ўвесь час адпачываў у нас на каленях падчас заняткаў. Званок, зроблены з нейкага музычнага інструмента, класны дзённік са звычайнага сшытка, які перад бацькоўскімі сходамі заўжды некуды знікаў, настаўніцкую, якая была і сталоўкай, ды… моцна развітае самакіраванне.

Для мяне асабіста Ліцэй – час пачаткаў. Там я пачаў здымаць першыя (не)сур’ёзныя відэа – старажылы абавязкова будуць памятаць супершоу «Банкі цягнуць»; пачаў займацца журналістыкай – выдаў нават некалькі нумароў культавай газеты «Трыкутнік»; пачаў займацца музыкай. Вынік нашай з сябрамі працы сталіся песні гурта NEXTA – «Выбора нет» ды «Феерверк».

Фота з архіву Сцяпана Святлова. Выпуск 2015 года

Раней адміністрацыя ліцэю ладзіла месяц сустрэчы выпускнікоў, арганізоўвала святочныя канцэрты ў сямейнай атмасферы. Сёлета на гэта не было часу і сілаў, распавёў belsat.eu нязменны дырэктар установы Уладзімір Колас.

«Сёлета сціпла адзначаем, дата не круглая. Сёлета няма сілаў святкаваць, усё пакладзенае на ўніверсітэт.

Фота Facebook. Уладзімір Колас і Алег Трусаў з вучнямі

Яго зарэгістравалі летась у сакавіку, цяпер ідзе праца над атрыманнем ліцэнзіі. Як атрымаем, дык адразу абвесцім набор. Ужо ёсць вучэбныя планы, падбіраем выкладчыкаў, фармуем бібліятэку.

Фота Facebook

Проста з нуля пачынаем Нацыянальны ўніверсітэт, бо гэта ідыятызм, што няма аніводнага ўніверсітэту з беларускаю мовай. Як калісьці і з ліцэем было – мы яго пачалі, бо не было ніводнай беларускай школы».

Ліцэісты спрычыніліся да рэалізацыі некалькіх музычных і відэапраектаў. Некаторыя з іх прэзентаваныя ніжэй.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў