Кітай пракладвае ў Беларусь «Шаўковы шлях»: Пекін пракрэдытуе Менск на $ 7 млрд


Пра гэта паведаміў сёння журналістам міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі падчас Беларуска-кітайскага міжрэгіянальнага бізнес-форуму.

Ужо цяпер вядома, што ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» і ААТ «АСБ Беларусбанк» сумарна атрымаюць ад Дзяржаўнага банку развіцця Кітая 1 млрд долараў.

Пакет беларуска-кітайскіх крэдытных пагадненняў быў падпісаны ў Палацы Незалежнасці ў Менску ў прысутнасці кіраўнікоў дзвюх краін.

«Рэсурсы вылучаюцца на тэрмін да 15 гадоў, уключаючы пяцігадовы льготны перыяд. Гэта доўгія грошы. Эфектыўная стаўка не перавысіць 4,7% гадавых. Атрымаць доўгія грошы пад такія адсоткавыя стаўкі сёння, вядома, вельмі выгадна», – цытуе belta.by словы старшыні праўлення Банку развіцця Беларусі Сяргея Румаса.

Чытайце таксама: Лукашэнка і мільярд кітайцаў

На адкрыцці беларуска-кітайскага бізнес-форуму Лукашэнка падкрэсліў, што

«мы зробім усё, каб вы ніколі не пашкадавалі, што прыехалі ў нашу краіну. Зробім усё неабходнае, каб вы маглі эфектыўным чынам прасоўваць свае інтарэсы ў Еўропе».

Гэта першы за апошнія 14 гадоў візіт старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь. Кітайскі лідар наведвае Менск па асабістым запрашэнні кіраўніка беларускай дзяржавы. Як адзначалася раней, дамовы паміж Пекінам і Менскам скіраваны на «паглыбленне двухбаковых адносінаў».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў