Кітай больш не прымае заходнія адкіды. Ці Беларусь заробіць на смецці з Еўропы?


З пачатку года ў Польшчы амаль штодня ў таямнічых акалічнасцях гараць сметнікі. Такое здаралася і раней, але павелічэнне падобных выпадкаў наступіла пасля таго, як Кітай перастаў імпартаваць з заходніх краінаў 24 гатункі адкідаў – у тым ліку такі пластык, які нельга перапрацаваць.

На еўрапейскіх вуліцах стаяць кантэйнеры для пластыкавых адкідаў, але простыя жыхары не заўсёды ведаюць, што вялікая іх частка вывозіцца за мяжу. На пачатку года Паднябесная адмовілася прымаць імпартнае смецце: у іх сваіх адкідаў штогод – 200 мільёнаў тонаў.

«Кітай – адзін з найбуйнейшых вытворцаў пластыкавых тавараў, якія потым па ўсёй Еўропе, па ўсім свеце асядаюць. І калі раней гэтыя пластыкавыя тавары вярталіся ў Кітай у выглядзе адкідаў, якія яны зноў перараблялі, то зараз гэты цыкл замкнуўся», – кажа супрацоўніца Цэнтру экалагічных рашэнняў Наталля Блышчык.

З моманту «закрыцця цыклу» дзіўным чынам ледзь не штодня гараць сметнікі ў Польшчы.

Прэм’ер-міністр Польшчы заявіў, што ягоная «цярплівасць лопнула».

«Гэтыя дзеянні выглядаюць як скаардынаваныя: падпалы здараюцца на працягу вельмі кароткага часу», – заявіў Матэўш Маравецкі.

Ратаўнікі кажуць, што смецце ў такіх месцах ляжыць у адной кучы, без раздзялення на зоны. На сметніках няма пажарных дарогаў і гідрантаў, якія б дапамаглі ўладальніку тэрыторыі пачаць тушыць пажар да прыезду ратаўнікоў. Некаторыя пажары трываюць па некалькі дзён.

«Гэта перадусім пажары, якія патрабуюць вялікага накладу працы з боку пажарных: іх гасяць некалькі дзясятках пажарных камандаў. У кульмінацыйнай фазе пажару, які распачаўся ў нядзелю ў Тшэбліне, яго гасіла 112 пажарных дружынаў – 412 ратаўнікоў», – кажа прэсавы сакратар Галоўнага каменданта Дзяржаўнай пажарнай службы Польшчы Павел Фронтчак.

Зараз Кітаю давядзецца разлічваць на ўласную другасную сыравіну або звярнуцца да першаснай, і рабіць новы пластык з нафтапрадуктаў. А Еўропе прыйдзецца думаць, што рабіць з уласным смеццем.
Брусельская бюракратыя – машына цельпукаватая: пакуль яна думае, кемлівыя польскія прадпрымальнікі вырашылі забраць былое «кітайскае» смецце да сябе. А палігоны гараць, каб вызваліць месца для… новага смецця.

Паводле міністра ўнутраных справаў Польшчы, цяпер у ягонай краіне адбываецца «складаны і нелегальны ўвоз у Польшчу матэрыялаў, якіх у нашай краіне не павінна быць».

Улады Польшчы ўжо паабяцалі змены ў заканадаўстве і суровы кантроль складоў з адкідамі.

Экспертка Наталля Блышчык не верыць, што замежны пластык можа трапіць у Беларусь.

«Мяркую, такая схема малаімаверная. У нас у прынцыпе няма заводаў, якія спальваюць смецце, чым мы, з аднаго боку, ганарымся, – кажа Натталя Блышчык. – Нам бы са сваім смеццем даць рады, чымся прымаць у іншых. У нас няма такіх ані абавязацельстваў, ані магутнасцяў для гэтага».

Найвялікшай «пластыкавай» праблемай Беларусі эколагі называюць адсутнасць кантролю за ім з боку дзяржавы: пры вытворчасці ўпакоўкі айчынныя бізнесоўцы абіраюць, як правіла, самы танны – часта не экалагічны – варыянт.

«Пужае тое, што ў нас не скарачаецца колькасць адкідаў і мяняецца ягоны марфалагічны склад. За апошнія дзесяць гадоў павялічылася ў шмат-шмат разоў колькасць пластыкавых адкідаў, у тым ліку пластыку, які не перапрацоўваецца», – дадае Наталля Блышчык.

Палаце прадстаўнікоў самы час задумацца пра падатак на пластык.

Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў