Кірыл Руды: Сёння нашыя эканамісты – гэта прадаўцы дзяржаўных аблігацыяў (Відэа выступу)


Каб аднавіць эканамічны рост, Беларусі патрэбныя не эканамісты, а перадусім бізнесоўцы, юрысты і сацыёлагі, падкрэсліў на Кастрычніцкім эканамічным форуме ў Менску амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды.

Свой выступ на форуме Руды прысвяціў пытанню: каму і чаму не патрэбныя эканамісты?

«Эканамісты не патрэбныя эканоміцы, бо не ўплываюць на яе рост. У нас эканоміка расла разам з ростам сыравінных рынкаў – рынку калію, нафты – і расейскага рынку. Калі гэтыя рынкі ўпалі, то і ў нас не стала эканамічнага росту, значыць справа не ў эканамістах. Імаверна, нам проста шанцавала ў той перыяд. Калі ў 2014 годзе пачаўся масавы адток капіталу з краін, якія развіваюцца, і ў нас стала менш грошай. У нас, у Беларусі, з 2015 года стала больш закрывацца прадпрыемстваў з замежнымі інвестыцыямі, чым адкрывацца, размер устаўных фондаў пачаў скарачацца. Значыць, цяпер нам не шанцуе. Гэта пагаршаецца тым, што нашыя эканамісты заточаныя не на рост эканомікі, а на захаванне яе структуры. Але, калі эканоміка не расце і не дае дадатковы прадукт, то за кошт чаго яе захоўваць? Адказ вельмі просты: за кошт пазык! Таму сёння нашыя эканамісты – гэта проста прадаўцы дзяржаўных аблігацыяў. Але нават у гэтым выпадку дзяржаўныя пазыкі таксама павінны стымуляваць эканамічны рост, а тэмп росту эканомікі павінен перавышаць прырост дзяржаўнага доўгу. У нас дзярждоўг расце як унутраны, так і вонкавы, а эканоміка падае. Значыць, эканамісты не ўплываюць на эканамічны рост«, – зазначыў на пачатку сваёй прамовы Кірыл Руды.

Напрыканцы прамовы амбасадар апісаў стан беларускай эканомікі праз кітайскую прыпавесць: «Мастак намаляваў на сцяне цмока, але ўвесь час баяўся, што той зляціць, таму зафарбаваў яму вочы. Таксама нашай эканоміцы, як вочы, патрэбныя эканамісты. Але, не тыя, якія маўчаць і лічаць гэта лаяльнасцю, а тыя, якія папярэджваюць і лічаць гэта патрыятызмам».

Кірыл Руды – цяперашні пасол Беларусі ў Кітаі, быў дарадцам кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў эканамічных пытаннях і адпрацаваў у Адміністрацыі прэзідэнта тры гады (2013-2016). Кірыл Руды лічыўся прыхільнікам ліберальных рэформаў. Назіральнікі адзначаюць, што многія гады ў Беларусі рабіўся акцэнт на выкананні планаў і засваенні сродкаў, тады як Руды паставіў пытанне аб эфектыўнасці іх выкарыстання.

Кастрычніцкі эканамічны форум чацвёрты год запар збірае ў Менску групу адмыслоўцаў у галіне эканомікі і палітыкі з розных краінаў свету з адною мэтай – рэфармаваць беларускую гаспадарку і зрабіць яе больш эфектыўнай.

Эксперты кажуць, Кастрычніцкі форум прызваны нагадваць нашым чыноўнікам, якія не хочуць нічога мяняць у палітыцы і гаспадарцы, што цягнік у светлую будучыню, адʼедзе згодна з раскладам. З Беларуссю ці без – гэта ўжо іншае пытанне.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў