«Кіруе ўсім КДБ». Прафсаюз РЭП заяўляе пра ўзмацненне ціску на сваіх актывістаў


Генадзь Фядыніч кажа, што калі рэпрэсіі супраць актывістаў не спыняцца, то прафсаюз РЭП будзе ставіць пытанне аб увядзенні санкцыяў супраць беларускай дзяржавы перад міжнароднымі прафсаюзнымі арганізацыямі.

«Санкцыі могуць быць як асабіста супраць чыноўнікаў, так і эканамічныя. Мы будзем вымушаныя гэта зрабіць», – адзначыў лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

Апошнім часам, актывістаў прафсаюзу сталі рэгулярна затрымліваць на мяжы і падвяргаць пільнаму асабістаму дагляду. 7 сакавіка ў розных цягнікоў на станцыі Гудагая знялі двух прадстаўнікоў прафсаюзу РЭП – Зінаіду Міхнюк і Ганну Дусь. 13 сакавіка тое ж самае адбылося з Андрэям і Яўгеніяй Стрыжак у памежным пункце «Каменны Лог».

Ганна Дусь і Андрэй Стрыжак, 15 сакавіка 2018 года. Фота – Ірына Арахоўская

Андрэй Стрыжак сцвярджае, што ў Беларусі існуе адмысловая база грамадзянаў, якіх памежнікі павінны здымаць з транспарту на мяжы і падвяргаць пільнаму асабістаму дагляду.

«Падчас праверкі пашпартоў сістэма выдае нейкую спецыяльную метку, сігналізуе, што чалавека трэба падвергнуць узмоцненаму дагляду. На практыцы гэта выглядае як рамка чырвонага святла з чырвоным крыжам. Потым выклікаецца начальнік змены, памежнікі здымаюць чалавека з транспарту і перадаюць мытнікам», – распавёў ён.

Андрэй Стрыжак, 15 сакавіка 2018 года. Фота – Ірына Арахоўская

Усё гэта адбываецца без аніякіх тлумачэнняў з боку памежнікаў і мытнікаў. На думку актывістаў, тыя проста выконваюць загад.

Анна Дусь лічыць, што ўсё гэта складнікі пераследу прафсаюзу РЭП.

«Адбываецца ўзмацненне ціску з мэтай спыніць нашую дзейнасць. Рэпрэсіі апошняга часу – гэта працяг той крымінальнай справы, якая распачалася 2 жніўня. Каля 500 актывістаў на сёння выкліканы на допыты па гэтай справе», – кажа Ганна Дусь.

«Тое, што кіруе ўсім КДБ не выклікае сумневаў», – адзначыў у сваю чаргу лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

Генадзь Фядыніч, 15 сакавіка 2018 года. Фота – Ірына Арахоўская

Нагадаем, прафсаюз РЭП актыўна падтрымліваў пратэсты недармаедаў у лютым-сакавіку 2017 года. Летась у жніўні Фядыніча арыштавалі, супраць яго і галоўнага бухгалтара прафсаюзу Ігара Комліка распачалі крымінальную справу паводле артыкулу «ухіленне ад выплаты падаткаў». Цяпер Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў