Кіроўца аўтобуса заціснуў дзвярыма руку пасажыру, той упаў і траўмаваўся


Здарэнне адбылося яшчэ напрыканцы красавіка. На прыпынку «Аўтазаводская» мужчына заходзіў у аўтобус. Падчас пасадкі аўтобус крануўся з месца. Зачыняючы дзверы, кіроўца заціснуў руку пасажыра. Мужчына ўпаў, атрымаў пераломы і траўму галавы.

Кіроўца патэлефанаваў у хуткую дапамогу і супрацоўнікам прадпрыемства. Калегі кіроўцы прыехалі хутчэй за медыкаў і адвезлі пацярпелага дадому. Пра здарэнне ў праваахоўныя органы ніхто не паведаміў. Дома мужчыну стала кепска, па яго прыехалі медыкі, яны і паведамілі ў міліцыю пра выпадак.

«У дачыненні да кіроўцы аўтобуса ўзбуджаная крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («парушэнне Правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання»)», – паведамілі ў Следчым камітэце.

Кіроўцу пагражаюць папраўчыя працы тэрмінам да двух гадоў, абмежаванне або пазбаўленне волі да пяці гадоў. Таксама мужчына можа пазбавіцца права займаць некаторыя пасады.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў