«Кіраўніцтва нас пасло»: міліцыянт паскардзіўся Шуневічу і быў звольнены. У хуткім часе ён можа стаць фігурантам крымінальнай справы


Пра гэта паведаміў кіраўнік УУС Магілёўскага аблвыканкаму Уладзімір Рыжанкоў.

3 траўня Упраўленне ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму апублікавала заяву з нагоды скандалу вакол «справы крычаўскіх міліцыянтаў».

«Цяпер у сеціве дэструктыўнымі рэсурсамі распаўсюджваецца інфармацыя пра недахопы ў арганізацыі працы з асабовым складам з боку кіраўніцтва Крычаўскага РАУС. Ініцыятарамі распаўсюджвання гэтай інфармацыі сталі кіраўнік аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС падпалкоўнік міліцыі Ігар Вусік, участковы інспектар міліцыі РАУС лейтэнант міліцыі Андрэй Шашкоў і былы супрацоўнік Юрый Дзюбанаў, звольнены з органаў унутраных спраў за грубае парушэнне службовай дысцыпліны», – гаворыцца ў афіцыйным каментары абласной міліцыі.

Паводле Рыжанкова, падпалкоўнік Ігар Вусік, «знаходзячыся на выходным» «незаконна» адпусціў з працы Юрыя Дзюбанава, які нібыта знаходзіўся на службе ў стане алкагольнага апʼянення.

Раней Вусік, Дзюбанаў і яшчэ 9 міліцыянтаў падпісалі зварот на імя кіраўніка МУС Ігара Шуневіча.

Неўзабаве пасля гэтага Юрыя Дзюбанава звольнілі.

«Ён (Юрый ДзюбанаўЗаўв. Belsat.eu) доўга лячыў нагу пасля пералому. Падышоў да мяне, маўляў, баліць нага. Я папрасіў, каб ён напісаў рапарт. Я ведаў, што кіраўнік рапарт не падпіша. Дзюбанава я замяніў іншым супрацоўнікам. У выніку Дзюбанава звольнілі за прагул», – тлумачыць у размове з «Белсат» падпалкоўнік Ігар Вусік.

«Я ў органах з 2003 года, – кажа Дзюбанаў. – Нараканняў па службе ў мяне ўвогуле ніякіх не было. У лютым 2017-га мы вырашылі звярнуцца да міністра ўнутраных справаў, каб ён пасадзейнічаў і навёў парадак у РАУСе. Людзі ішлі на працу, ведаючы, што іх пакараюць».

«Кіраўніцтва нас пасло і рыхтавалася да спагнання або звальнення за любую правіннасць… Дома ў мяне не было абязбольваючых і я выпіў 150 грамаў, бо ведаў, што не знаходжуся на службе. Пазней высветлілася, што кіраўніцтва мяне не адпусціла. Я пайшоў у больніцу. Пасля візіту да лекара мяне чакаў намеснік кіраўніка РАУС. Ён прапанаваў мне зрабіць тэст на алкаголь. Я не хаваў, што выпіў, бо быў упэўнены, што мяне адпусцілі», – тлумачыць міліцыянт.

2 траўня афіцыйны прадстаўнік МУС Канстанцін Шалькевіч заявіў, што ў ведамстве знаёмыя з сітуацыяй у Крычаве. Паводле яго, калектыўны ліст у МУС атрымалі ў лютым. Цяпер праводзіцца праверка інфармацыі.

11 крычаўскіх праваахоўнікаў распавялі ў сваім звароце да Ігара Шуневіча, што іх прымушаюць выконваць «план за злачынствах» і аддаваць прэміі кіраўніцтву. У звароце да міністра яны таксама напісалі, што неаднаразова сутыкаліся са знявагамі і кпінамі, несправядлівымі пакараннямі, неабгрунтаванымі, з гледзішча міліцыянтаў, пераводамі на ўзмоцнены варыянт нясення службы.

Увосень 2016 года і ў студзені 2017 года ў Крычаўскім РАУС праходзілі праверкі. Яны выявілі хібы, якія мелі сістэмны характар і не выпраўляліся. Начальніку Крычаўскага РАУС падпалкоўніку міліцыі Станіславу Чупрыну па выніках праверкі абвясцілі дысцыплінарнае спагнанне за парушэнне Правілаў прафесійнай этыкі. Іншых парушэнняў падчас праверкі выяўлена не было.

ЮВ, МВ, belsat.eu

Стужка навінаў