«Кіраўніцтва краіны вуснамі затрыманага робіць палітычныя заявы». Адвакат Васкрасенскага пракаментаваў яго справу


Юрый Васкрасенскі падчас інтэрв’ю дзяраўным медыям. Фрагмент эфіру СТБ

Скандальнае інтэрв’ю прадстаўніка штабу Віктара Бабарыкі Юрыя Васкрасенскага выклікала шырокі розгалас. Але адвакат актывіста лічыць, што на яго аказваўся ціск.

Юры Васкрасенскі – былы дэпутат Менскага гарадскога Савету, актывіст штабу патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцтва Беларусі Віктара Бабарыкі, бізнесмен, які кіруе кампаніяй-рэзідэнтам ПВТ, а таксама шэрагам кампаніяў, што займаюцца аптовым і раздробным гандлем. Яго затрымалі ўдзень 12 жніўня проста ўдома – вывалаклі з кватэры і завезлі ў СІЗА КДБ.

«Да нас уварваліся ў кватэру, выламалі жалезныя дзверы, мяне паставілі на калені, галавой уніз, мужа цалкам паклалі на падлогу, моцна прыціснулі, вельмі хутка яго вывалаклі. Усё адбывалася вельмі жорстка, як мы гэта раней бачылі ў фільмах і жахаліся», – распавядала belsat.eu жонка затрыманага Алеся Васкрасенская.

Інтэрв’ю
Брутальна затрымалі актывіста штабу Віктара Бабарыкі Юрыя Васкрасенскага. Абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў
2020.08.13 23:36

Жанчыне паказалі пастанову на ператрус у звязку з адкрыццём крымінальнай справы паводле ч.1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), ч.2 («Удзел у масавых беспарадках»), ч.3 («Навучанне ды іншае рыхтаванне асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках») і арт. 310 («Наўмыснае блакаванне транспартавых камунікацый»).

Інтэрв’ю і публікацыі з КДБ

Між тым увечары 13 жніўня на тэлеканале СТВ з’явіўся сюжэт, у якім заяўлялася, што затрыманы Юрый Васкрасенскі сам прыйшоў з павіннай. Прызнацца ён хацеў у тым, што яму далі каля 400 долараў на тое, каб набыць лазерныя ўказкі. З іх дапамогай планавалася перашкаджаць АМАПу затрымліваць пратэстоўцаў.

Васкрасенскі таксама заклікаў «нашых грамадзянаў, перш за ўсё моладзь, няпоўнагадовую моладзь, не ўдзельнічаць у дадзеных акцыях [пратэсту супраць Аляксандра Лукашэнкі. – Рэд. Belsat.eu] з прычыны непрадказальных наступстваў».

Чарговае інтэрв’ю з Васкрасенскім выйшла 19 жніўня на «Беларусь 1». Там ён распавядаў, што ў Беларусі ўжываюцца тэхналогіі каляровых рэвалюцыяў, крытыкаваў альтэрнатыўных кандыдатаў і выказваецца ў падтрыманне Аляксандра Лукашэнкі.

А 20 жніўня на старонцы Васкрасенскага ў Facebook раптам з’явіўся допіс (зараз ён выдалены): «Доўга думаў, аналізаваў, і раптам усвядоміў. Незалежная Беларусь з яе праблемамі ці яе страта? Для мяне выбар відавочны». Пры гэтым ужо больш як два тыдні затрыманы ўсё яшчэ знаходзіцца ў СІЗА КДБ, на волю яго ніхто не выпускаў.

Лазерная ўказка – не зброя

Карэспандэнты belsat.eu распыталі адвакатам затрыманага Міхаіла Кірылюка пра сітуацыю з ім.

Адвакат адзначыў, што не можа даваць каментары адносна таго, што з’яўляецца таямніцай следства, бо даваў подпіс пра неразгалошванне. Разам з тым ён здолеў пракаментаваць публічную інфармацыю.

Менск, 21 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Зараз Юрыю Васкрасенскаму выставілі абвінавачанні па частцы 2 артыкулу 293 КК – удзел у гвалце над асобай, пагромы, падпалы, знішчэнне маёмасці або ўзброены супраціў прадстаўнікам улады падчас масавых беспарадкаў. Санкцыя артыкулу прадугледжвае ад трох да васьмі гадоў зняволення.

Паводле адваката, тое, у чым Юрый Васкрасенскі прызнаўся ў сваім выступе на ТБ, не супадае з дыспазіцыяй ч. 2 арт. 293 КК. Гэтак, затрыманы кажа, што даваў грошы на закуп лазерных указак, каб свяціць у твар амапаўцам і тым самым рассякаць іх ланцугі.

«Па-першае, лазерная ўказка – гэта не зброя. Па-другое, даваць грошы – гэта не прымаць непасрэдны ўдзел, як яны інкрымінуюць яму. То бок, ужо прававая кваліфікацыя не супадае з тымі паказаннямі, што яны іх лічаць настолькі важнымі, каб паказаць па тэлебачанні», – заявіў юрыст.

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». 16 жніўня, 2020 г. Mенск, Беларусь.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Таксама па ТБ не паказалі ні нейкай зброі, з якой ён мог бы нападаць на амапаўца. Няма ў справе нават пацярпелага.

«Я думаю, калі б ён быў, то не было б ніякай праблемай паказаць збітага Юрыем амапаўца ці амапаўца, якому Юрый нанёс бы пашкоджанні лазернай указкай», – мяркуе адвакат.

У сваіх паказаннях Юрый Васкрасенскі прызнаецца, што даў грошы, але ён не збіваў, не свяціў указкай, не рабіў падпалы.

«З юрыдычнага пункту гледжання кваліфікацыя мне падаецца не вельмі ўдалай, а калі расплюшчыць вочы і ўбачыць, што гэта справа не юрыдычная, а палітычная, то тады ўсё вельмі лагічна», – падкрэсліў Міхаіл Кірылюк.

Прызнанні ж для тэлебачання Юрый Васкрасенскі рабіў у прысутнасці дзяжурнага адваката, якога не ведаў дагэтуль, хоць у яго ёсць шмат кантактаў адвакатаў, з якімі ён меў стасункі раней і якім давяраў.

Заява – спроба ціску на паплечнікаў

Паводле адваката, наяўнасць у заяве ягонага падабароннага палітычнага зместу дазваляе яму казаць пра палітычны характар справы.

«Без згоды КДБ ён быў з СІЗА КДБ ніякіх палітычных заяваў на тэлебачанні б не рабіў. На мой погляд, такая заява – гэта спроба ціску не толькі на Юрыя, але і на яго паплечнікаў, каб яны пабачылі, што ўсе вашыя погляды толькі да таго часу, пакуль вы не патрапілі ў СІЗА КДБ», – дадаў юрыст.

Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Паводле яго, вельмі дзіўна, што чалавек прытрымліваўся нейкіх поглядаў месяцамі і гадамі, а ў СІЗА КДБ змяніў іх на дыяметральна супрацьлеглыя.

«Мне здаецца, што дзейнае кіраўніцтва краіны вуснамі затрыманага робіць палітычныя заявы: людзі сыходзьце з вуліцы, бо інакш глядзіце, што мы з вамі зробім», – сказаў юрыст.

З ведаму і згоды КДБ

Каментуючы дзіўную публікацыю Юрыя Васкрасенскага ў Facebook, Міхаіл Кірылюк нагадаў, што падчас арышту ў чалавека адбіраюць тэлефона, няма ў яго магчымасці і карыстацца інтэрнэтам.

«Таму я магу зрабіць выснову, што гэтая публікацыя была зробленая з ведаму і згоды працаўнікоў КДБ. Або яму ў рукі далі тэлефон і ён напісаў тое, што хацеў напісаць, або ў яго ўзялі тэлефон і напісалі ад яго імя тое, што ім спадабалася. Тэлефон зараз знаходзіцца ў працаўнікоў КДБ, і яны зараз з ім могуць рабіць усё, што заўгодна», – падкрэсліў адвакат.

Таксама вельмі дзіўна, што чалавек з СІЗА КДБ робіць палітычныя заявы, а не звяртаецца да жонкі ці блізкіх.

Цалкам невінаваты

Адвакат плануе дамагацца поўнага апраўдання Юрыя Васкрасенскага.

«Мой кліент можа ісці на любыя дамовы са следствам, якія яму падабаюцца. Але, акрамя таго, што ён зрабіў нейкія прызнанні, падкрэсліваю, без мяне, павінны быць і нейкія доказы. Павінна быць уся аб’ектыўная частка, але нам яе не паказалі. Нам паказалі толькі яго прызнанне. І гэта, на мой погляд, падстава, каб гаварыць аб яго поўнай невінаватасці», – распавёў Міхаіл Кірылюк.

Таксама плануецца абскардзіць і меру стрымання – арышт. Як адзначыў адвакат, нагодамі для знаходжання пад арыштам можа з’яўляцца тое, што падазраваны можа запалохаць сведак ці збегчы з краіны. На думку юрыста, меркаванні, што Васкрасенскі мог бы запалохаць амапаўцаў смешныя.

«І такі бізнесовец, як ён, мог бы з’ехаць з краіны яшчэ да таго, як усё пачалося, працаваць аддалена, як любы бізнесовец у сферы ІТ і не мець ніякіх праблемаў. Гэта, на маю думку, сведчыць пра тое, што нікуды ён бегчы не збіраўся і не збіраецца», – мяркуе абаронца.

Ён дадаў, што Васкрасенскі не з’яўляецца сістэмным злачынцам, затрыманы толькі першы раз у сувязі са сваёй палітычнай дзейнасцю.

Меркаванні
Прапанова пра мір, абвешчаная закладнікам. Чаго ж хочуць тыя, хто лічыць сябе ўладай?
2020.08.20 11:40

Максім Гацак belsat.eu

Стужка навінаў