Кіраўніцтва буйных заводаў падазраюць у атрыманні хабараў ад расейцаў

Фота: sk.gov.by

Кіраўнікі прадпрыемстваў абвінавачваюцца ў атрыманні хабараў ад 50 да 250 тысяч расейскіх рублёў (у эквіваленце ад 1700 да 8500 беларускіх рублёў) за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, паведамляе прэс-служба Следчага камітэту.

Крымінальную справу завялі 24 снежня на падставе матэрыялаў ГУБАЗіК МУС. Паводле следства, кіраўнікі сярэдняга ўзроўню МЗКЦ, Менскага электратэхнічнага заводу імя В. І. Казлова, Кавальскага заводу цяжкіх штамповак, БелАЗу і Менскага трактарнага заводу 22–23 снежня атрымалі ад расейскіх калегаў грошы за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у іхную кампетэнцыю.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, службовыя асобы атрымалі ўзнагароджанне за дзеянні, звязаныя з закупкамі беларускімі прадпрыемствамі прадукцыі, у тым ліку той, якая мае тэхнічныя адхіленні», – гаворыцца ў паведамленні ведамства.

У крымінальнай справе затрымалі сем супрацоўнікаў прадпрыемстваў. Усе яны прызналіся ў факце атрымання грошай і супрацоўнічаюць са следствам. Цяпер да пяці з іх ужытая захада стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, за дваіх заплацілі заклад.

МГМ, belsat

Hавiны