Кіраўнікі МЗС 12 краінаў-чальцоў ЕЗ заклікалі да ўвядзення бязвізавага рэжыму з Украінай і Грузіяй


Кіраўнікі МЗС краінаў Паўночнай Еўропы, Балтыі і Вышэградскай групы заявілі пра неабходнасць без прамаруджвання ўвесці бязвізавы ўезд у ЕЗ для грамадзянаў Украіны ды Грузіі. Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве еўрапейскіх міністраў, якая паўстала пасля сустрэчы 22 красавіка ў латвійскай Юрмале.

Міністры пацвердзілі гатовасць аказаць падтрыманне ў рэалізацыі дамоваў аб асацыяцыі з Украінай Грузіяй і Малдовай, а таксама падкрэслілі неабходнасць развіцця супрацы з іншымі краінамі Усходняга партнёрства.

У нарадзе міністраў замежных справаў узялі ўдзел кіраўнікі вонкавапалітычных ведамстваў 12 краінаў – Даніі, Ісландыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Швецыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Чэхіі, Славакіі, Польшчы ды Венгрыі.

Чытайце таксама >>> Еўракамісія афіцыйна прапанавала адмяніць візы для ўкраінцаў

20 красавіка Еўракамісія прапанавала перайсці да фінальнай стадыі візавай лібералізацыі паміж ЕЗ і Украінай.

Працэдура падрыхтоўкі і разгляду адпаведных дакументаў у Еўрапарламенце можа заняць да 30 дзён. Пасля ўхвалення ў ЕП дакумент павінен прайсці працэдуру зацвярджэння ў Радзе ЕЗ. Рашэнне аб увядзенні бязвізавага рэжыму можа набыць моц ужо ўлетку. За ўвядзенне бязвізавага рэжыму для Украіны павінны прагаласаваць 28 краінаў-чальцоў Еўразвязу.

ЮВ, belsat.eu, паводле eurointegration.com.ua

Стужка навінаў