Кіраўніка «Sputnik-Молдова» затрымалі паводле справы аб крадзяжы $ 1 мільярда


Кіраўнік інфармацыйнага агенцтва «Sputnik-Молдова» Уладзімір Новасадзюк на цырымоніі ўручэння прэміі «Чалавек года- 2018».
Фота: Sputnik/Miroslav Rotari

Малдаўскія праваахоўнікі з Нацыянальнага антыкарупцыйнага цэнтру затрымалі кіраўніка інфармацыйнага агенцтва «Sputnik-Молдова» Уладзіміра Новасадзюка.



Мясцовыя медыі паведамляюць, што цяпер медыя-менеджар дае паказанні.

Яго затрымалі паводле падазрэння ў датычнасці да выкрадання з банкаўскай сістэмы Малдовы $ 1 мільярда.

Падчас вобшуку ў яго знайшлі відэазапісы, на якіх зафіксаваныя факты перадачы хабару шэрагу прадстаўнікоў сілавых структураў краіны. Таксама сілавікі знайшлі «чорную касу», з якой вынікае, што ў эфір «Sputnik-Молдова» запрашалі праплочаных палітолагаў і экспертаў.

Нагадаем, што ў 2014 годзе з трох банкаў Малдовы пры ўдзеле дэпутата Ілана Шора на замежныя рахункі было выведзена каля $ 1 мільярда (амаль 20 % ВУП краіны). У жніўні малдаўскі парламент зняў з Шора дэпутацкую недатыкальнасць. У 2017 годзе суд прысудзіў яго да 7,5 года турэмнага зняволення. Прадпрымальнік збег з краіны і цяпер перабывае ў міжнародным вышуку.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў