Кіраўніка Акадэміі «Прэс-клуба» дэпартавалі ў Расею


Сяргей Якупаў.
Фота: press-club.by

Кіраўніка Акадэміі «Прэс-клуба», грамадзяніна Расеі Сяргея Якупава, якога затрымалі разам з іншымі працаўнікамі арганізацыі, вызвалілі 31 снежня. Пра гэта паведамляе TUT.by.

Сяргею Якупаву не выстаўлялі абвінавачванне паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 243 КК (дапамаганне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў).

Сёння яго вызвалілі з СІЗА і выслалі ў Расею, заявіў адвакат Антон Гашынскі. Якупава даставілі ў аэрапорт пад канвоем.

Вызваліць яго з СІЗА прасілі некалькі буйных расейскіх выданняў. РБК у звароце на імя кіраўніка Следчага камітэту прасіў змяніць Сяргею Якупаву меру стрымання на не звязаную з пазбаўленнем волі. Выданне адзначала, што ён рэалізаваў паспяховыя праекты для медыяхолдынга і зарэкамендаваў сябе як першакласны медыястратэг і дасведчаны рэдактар.

«Упэўненыя, што грамадскай небяспекі Сяргей не ўяўляе і не мае намеру чыніць перашкоды законным следчым дзеянням», – гаварылася ў лісце.

Пра тое, «што ўтрыманне пад вартай з’яўляецца залішняй мерай у дачыненні да Якупава Сяргея Сяргеевіча, які мае бездакорную рэпутацыю і якога мы ведаем як выключна законапаслухмянага грамадзяніна», пісала ў хадайніцтве і рэдакцыя расейскага выдання «Звезда».

Hавiны
Кіраўнікам Press Club Belarus прад’явілі абвінавачанне
2020.12.31 15:28

Нагадаем, 22 снежня ў офісе і ў супрацоўнікаў «Прэс-клуба» быў праведзены ператрус, а ў Нацыянальным аэрапорце затрыманая заснавальніца Press Club Belarus Юлія Слуцкая. У яе ўдома таксама адбыўся вобшук.

31 снежня Юліі Слуцкай выставілі абвінавачванне – паводле часткі 2 артыкула 243 КК – ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры. Дырэктара Сяргея Альшэўскага вінавацяць у саўдзеле ў злачынстве. Таксама застаецца пад вартаю праграмны дырэктар «Прэс-клуба» Ала Шарко.

МГ belsat.eu

 

Стужка навінаў