Кіраўнік знешняй выведкі Расеі сустракаецца з Лукашэнкам


Кіраўнік службы знешняй выведкі Расеі Сяргей Нарышкін з візітам у Менску. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што супраца спецслужбаў краінаў важная з улікам вонкавай абстаноўкі.

Кіраўнік знешняй выведкі Расеі Сяргей Нарышкін у Менску. 22 кастрычніка 2020. Фота з Тэлеграму Лукашэнкі

Непрызнаны беларусамі кіраўнік запрасіў Сяргея Нарышкіна за тры дні перад татальным локдаўнам эканамічнага ладу краіны, абвешчанага народнаю лідаркаю Святланаю Ціханоўскай, у выпадку адмовы Лукашэнкі сысці ў адстаўку.

«Не сакрэт, наша сустрэча зробіць у сапраўдны момант нейкі адпаведны выбух у СМІ, асабліва ў Інтэрнэце. Ды мы і не ўтойваем, абстаноўка вакол нас няпростая, я маю на ўвазе Саюзнай дзяржавы. Дзякуй вам за тую інфармацыю, якую вы рэгулярна даводзіце да нашых спецслужбаў і да мяне ў тым ліку», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У чым няпростасць сітуацыі вакол Саюзнай дзяржавы, Лукашэнка ў пэўнай ступені канкрэтызаваў:

«У гэтым свеце шалёным, асабліва ашалелым ад гэтай пандэміі і гэтак далей, сяброў у нас няшмат. Будзем казаць адкрыта, ва ўсіх ёсць цікавасць да нас. Да Расеі і Беларусі. Мы павінныя рэагаваць».

З ягоных словаў вынікае, што ўльтыматуму Ціханоўскай не выканае. Імаверная пераможцы прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Святлана Ціханоўская дала Лукашэнку 13 дзён на тое, каб спыніць гвалт, выпусціць палітвязняў і пакінуць пасаду пасля прайграных выбараў.

Лукашэнка і Нарышкін не бачыліся асабіста больш за 4 гады. Перад зыходам на працу ў выведку, Сяргей Нарышкін да 2016 года ачольваў палату парламенту Расеі. Цяпер, кажа, рады сустрэчы і пагадзіўся з ацэнкай Лукашэнкі:

«Я абсалютна згодны з ацэнкамі ступені напружанасці сітуацыі, якая існуе ў свеце ў цэлым і вакол нашых з вамі краінаў. Я ўпэўнены ў тым, што спецслужбы могуць зрабіць яшчэ шмат і шмат, каб забяспечыць інтарэсы і нашых дзяржаваў, нашых грамадзянаў, абараніць ад тых пагроз, якія з пэўнай перыядычнасцю ўзнікаюць», – сказаў Сяргей Нарышкін.

Напярэдадні сустрэчы Нарышкін заяўляў, што ў падрыхтоўцы пратэстаў у Беларусі ўдзельнічаюць супрацоўнікі Пентагону і ЦРУ, а ягоная служба мае звесткі аб падрыхтоўцы сур’ёзнай правакацыі ў Беларусі, падчас якой быў бы арыштаваны ці нават паранены ці забіты адзін з аўтарытэтных святароў Рымска-каталіцкай царквы, а адказнасць за якую пераклалі б на беларускіх сілавікоў.

ЮЦ Belsat.eu

Стужка навінаў