Кіраўнік Пухавіцкага райвыканкаму затрыманы


У 2015 годзе тагачасны губернатар Менскай вобласці Сямён Шапіра (справа) уручаў сведчанне старшыні Пухавіцкага райвыканкаму Сяргею Ленкаўцу.
Фота: gorka.by

У панядзелак 22 кастрычніка ў Пухавіцкім раёне адбыліся масавыя затрыманні мясцовых высокіх чыноўнікаў і бізнесоўцаў.

Гэта паведамілі TUT.BY карыстальнікі і пацвердзілі крыніцы ў бізнес-колах.

«На днях затрымалі кіраўніка раёну Сяргея Ленкаўца, гендырэктара «Пухавіцкага аграпрадукта» Івана Гумоўскага і яшчэ шэраг кіраўнікоў», – паведамілі карыстальнікі.

«22 кастрычніка шмат асобаў затрымалі. У кожнага свая гісторыя. Наколькі я ведаю, інкрымінуюць атрыманне і дачу хабараў», – сказаў знаёмы Гумоўскага.

Сяргей Ленкавец узначаліў Пухавіцкі райвыканкам у канцы 2015 года. Да гэтага шэсць гадоў быў старшынём Бярэзінскага райвыканкаму.

Іван Гумоўскі.
Фота: gorka.by

Старшыня Савету дырэктараў, генеральны дырэктар ЗАТ «Пухавіцкі Аграпрадукт» Іван Гумоўскі – даволі вядомы прадпрымальнік. Першае яго прадпрыемства было заснаванае больш за 25 гадоў таму. Зараз гэта холдынг, у склад якога ўваходзяць «Пухавічыгандаль» (сетка крамаў), «Пухавічымясапрадукт», «Пухавічыаграбуд», свінакомплекс «Пухавічы», калгас «Шаршуны-Агра», турыстычны комплекс «Дукорскі маёнтак», кампанія «БелІнАўта». Ён стварыў 1200 рабочых месцаў. У 2016 годзе Гумоўскага назвалі «Чалавекам года Меншчыны».

У прыёмнай старшыні Пухавіцкага райвыканкаму не пацвердзілі затрыманне Ленкаўца, але і не абверглі, заявіўшы, што «не валодаюць інфармацыяй пра месцазнаходжанне кіраўніка і не ўпаўнаважаныя прадастаўляць каментары».

Іван Гумоўскі быў недаступны па мабільным тэлефоне. У кампаніях групы «Пухавіцкі аграпрадукт» заявілі, што не маюць інфармацыі.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by

Стужка навінаў