Кіраўнік МЗС Украіны абмяркуе з Макеем справу зніклага ў Гомлі 19-гадовага ўкраінца


Пра гэта Павел Клімкін паведаміў у сваім «Twitterʼы».

«Заўтра ў Будапэшце планую абмеркаваць справу зніклага грамадзяніна Украіны Паўла Грыба з беларускім калегам Макеем [Уладзімір Макей – кіраўнік МЗС Беларусі Заўв. Belsat.eu]», – напісаў Клімкін.

31 жніўня ў Будапэшце адбудзецца сустрэча міністраў замежных справаў членаў «Усходняга партнёрства» і Вышэградскай групы.

Павел Грыб паехаў у Беларусь 24 жніўня. Вядома, што мяжу ён пераадолеў без перашкод, а ў Гомлі яго след знік, і да сённяшняга дня невядома, дзе ён знаходзіцца.

Сваякі 19-гадовага Паўла ўпэўненыя, што да ягонага знікнення датычныя расейскія спецслужбы.

Паводле непацверджанай інфармацыі, хлопец знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Краснадары.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў