Кіраўнік МЗС Польшчы прыедзе ў Беларусь і наведае Курапаты


Удзел у пасяджэнні Мюнхенскай канферэнцыі, сустрэча з міністрам замежных справаў Беларусі і наведванне ўрочышча Курапаты. 31 кастрычніка – 1 лістапада кіраўнік польскай дыпламатыі Яцэк Чапутовіч будзе знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візітам.

Міністр замежных справаў Польшчы возьме ўдзел у пасяджэнні Мюнхенскай канферэнцыі, удзельнікі якой абмяркуюць сітуацыю ў рэгіёне, пытанні бяспекі і звязаныя з імі выклікі.

Кіраўнік вонкавапалітычнага ведамства Польшчы таксама сустрэнецца з кіраўніком беларускай дыпламатыі Уладзімірам Макеем.

Разам з палякамі, якія жывуць у Беларусі, прадстаўнікамі духавенства і мясцовымі ўладамі, міністр возьме ўдзел у асвячэнні адноўленых вайсковых могілак у вёсцы Дунілавічы, дзе пахаваныя ахвяры польска-бальшавіцкай вайны 1920 г.

Яцэк Чапутовіч ускладзе кветкі і запаліць знічы на магілах палякаў, якія аддалі жыццё за Айчыну, а таксама ўшануе памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах.

pj, ЮВ, belsat.eu, паводле PAP

Стужка навінаў