Кіраўнік МЗС Літвы заклікаў ЕЗ націснуць на Менск у пытанні АЭС


Кіраўнік вонкавапалітычнага ведамства Літвы Лінас Лінкявічус звярнуўся да вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу па вонкавай палітыцы і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні з заклікам аказаць на Менск ціск у пытанні бяспекі будаўніцтва АЭС пад Астраўцом.

Гэтае пытанне, як паведамляе партал delfi.lt, уздымалася падчас сустрэчы Лінкявічуса і Магерыні ў Бруселі.

«Спадзяемся, што ўсе службовыя асобы ЕЗ, падчас размоваў з беларускімі прадстаўнікамі, абавязкова будуць згадваць і гэтае пытанне», – заявіў Лінкявічус журналістам.

Паводле кіраўніка літоўскага МЗС, ён сустрэў падтрыманне і разуменне Магерыні.

Беларуская АЭС, якая будуецца пры ўдзеле Расеі пад Астраўцом (50 км ад Вільні), будзе мець два энергаблокі. Увод у прамысловую эксплуатацыю першага блока БелАЭС запланаваны на 2018 год, другога – на 2020-ты.

Літва выступае з крытыкай будаўніцтва БелАЭС, заяўляючы, што беларускі бок не забяспечвае ў належнай ступені бяспеку праекту.

ЮВ, belsat.eu, паводле delfi.lt, belapan.by

Стужка навінаў