Кіраўнік КДБ дапамог знайсці працу Уладзіміру Беражкову


Фота «Прэссбол»

Былы генменеджар ХК «Дынама» (Менск) будзе працаваць у Беларускай федэрацыі біятлону (БФБ).

Прапанову працы ён атрымаў ад кіраўніка федэрацыі Валерыя Вакульчыка, які адначасова ўзначальвае і КДБ.

«Пакуль не маецца на ўвазе нейкая канкрэтная пасада. Хутчэй, я назваў бы гэта кірункам працы. Старшыня федэрацыі акрэсліў шэраг задачаў, у тым ліку стратэгічных, перспектыўных, актуальных. У ліку, напрыклад, самых бліжэйшых – адзін сурёзны стартап. Гэта стварэнне ў Беларусі ўнікальнага медычнага цэнтру па рэабілітацыі спартоўцаў. Гэты працэс я як менеджар цяпер і курырую», – пракаментаваў новы этап сваёй кар’еры Уладзімір Беражкоў.

Пакуль што ён уладкаваўся на працу ў БФБ на варунках дамовы падраду.

13 жніўня мінулага года Уладзімір Беражкоў быў затрыманы. Разам з былым гендырэктарам ХК «Дынама» (Менск) Максімам Суботкіным яго абвінавацілі ў нанясенні матэрыяльнай шкоды клубу на суму больш 3 млрд рублёў.

У красавіку стала вядома, што хакеісты і трэнеры менскага «Дынама» напісалі ліст Аляксандру Лукашэнку ў падтрымку Уладзіміра Беражкова.

6 красавіка бягучага года мера стрымання Уладзміра Беражкова была змененая з заключэння пад вартай на падпіску аб нявыездзе. У Генпракуратуры адзначылі, што пад увагу былі ўзятыя раскаянне Беражкова, садзеянне падчас расследавання і поўная кампенсацыя страты.

НМ, belsat.eu, паводле «Прэссбол»

Стужка навінаў