Кіраўнік ГУБАЗіК паабяцаў «гуманна» ўжыць зброю супраць мітынгоўцаў


Кіраўнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў заявіў, што супраць мітынгоўцаў падчас несанкцыянаваных акцыяў сілавікі могуць «гуманна» ўжыць зброю, у тым ліку агнястрэльную. Такая заява прадстаўніка МУС прагучала ў інтэрв’ю «Беларусь 1».

Мікалай Карпянкоў, які ўзначальвае галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй лічыць, што на акцыі пратэсту выходзяць радыкалы. У выпадку, калі мітынгоўцы пачнуць аказваць актыўны супраціў, міліцыянты будуць ужываць зброю.

«Мы верым у гуманнасць закона, мы іх затрымаем. Вядома, калі яны будуць аказваць актыўны супраціў, мы вымушаны будзем выкарыстаць зброю дзеля таго, каб абараніць грамадзянаў, абараніць правапарадак, абараніць простых людзей, тых дзяцей, якія растуць, каб яны не бачылі вось гэтага гвалту. Не дамо ім разбурыць краіну. Мы, вядома, гуманна выкарыстаем у дачыненні да іх зброю, у тым ліку і агнястрэльную, і самых небяспечных востракапытных мы з вуліц прыбяром, – заявіў Карпянкоў.

Ён удакладніў, што агнястрэльная зброя будзе ўжывацца да любога, «хто падыме руку на працаўніка праваахоўных органаў».

Паводле яго словаў, людзі выходзяць на пратэсты і каб зарабіць грошы. Кіраўнік ГУБАЗіК заявіў, што бачыў «ўсе пратэстныя масы» на выбарах пачынаючы з 2001 года, «такіх амаральных, цынічных асобаў, якія сёння ўдзельнічаюць у пратэстах», ён не сустракаў.

Карпянкоў не першы прадстаўнік МУС, які прыгразіў ужыць зброю супраць мірных дэманстрантаў. Напярэдадні намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч таксама распавёў пра магчымасць выкарыстання баявой зброі супраць грамадзянаў.

Hавiны
«Апошняя апора ўладаў». Як ГУБАЗіК пераўтварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу
2020.10.09 09:50

СК belsat.eu

Стужка навінаў