Кіраўнік БПЦ не хоча, каб пратэстоўцы выконвалі «Магутны Божа»


Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веніямін узначаліў 14 кастрычніка літургію ў Гарадзенскім Пакроўскім саборы з нагоды Пакрову Прасвятой Багародзіцы.

Падчас прамовы святар папрасіў не выконваць духоўны гімн Беларусі «Магутны Божа» на словы Наталлі Арсенневай і музыку Міколы Равенскага. Епіскап адзначыў, што дастаткова іншых песняспеваў, якія не разʼядноўваюць, а абʼядноўваюць

«Маці Божая ў нас адна і ўсіх аб’ядноўвае. Я ўжо раней звяртаў увагу, што не трэба выконваць «Магутны Божа». Гэта спеў свецкага характару, які падзяляе нашае грамадства. Хоць ён і мае духоўную афарбоўку, але нехта радуецца выкананню гэтага спеву, а нехта смуткуе.

У нас дастаткова іншых песняспеваў, якія не разʼядноўваюць, а абʼядноўваюць грамадства. Гасподзь дапаможа, каб мы зʼядналіся і вярнуліся да ціхай, мірнай Беларусі», – сказаў ён.

У 1947 годзе кампазітар Мікола Равенскі паклаў на музыку верш «Малітва», напісаны падчас вайны паэткай Наталляй Арсенневай. У 1944 годзе Арсеннева разам з мужам-камандзірам Беларускай Краёвай Абароны эмігравалі, іх абвінавацілі ў калабарацыянізме. Пасля распаду СССР кампазіцыю нават разглядалі як адзін з варыянтаў афіцыйнага дзяржаўнага гімну.

«Магутны Божа» – неафіцыйны духоўны гімн беларускага нацыянальнага руху. Песню часта выконваюць у каталіцкіх касцёлах, а таксама выкарыстоўваюць праваслаўныя хоры. Падчас пратэстаў самае яркае выкананне «Магутны Божа» адбылося ля будынку Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Супрацоўнікі філармоніі сталі на прыступках з плакатамі: «У мяне скралі голас».

belsat.eu

Стужка навінаў