Кінатэатры Грузіі падтрымалі пратэстоўцаў і адмовіліся ад фільмаў на расейскай


Фільмы цяпер можна глядзець на грузінскай і ангельскай мовах.

Кінатэатры праявілі салідарнасць з удзельнікамі акцыяў і спынілі расейскамоўныя сеансы.

Сетка кінатэатраў Cavea з 20 чэрвеня не паказвае фільмы з расейскім перакладам. Cavea лічыцца самай вялікай сеткай кінатэатраў у Грузіі.

Як доўга будзе працягвацца пратэст і ці вернуцца расейскамоўныя фільмы ў рэпертуар кінатэатраў, не паведамляецца.

  • 20 чэрвеня ў Тбілісі каля 10 тысяч пратэстоўцаў прарвалі паліцэйскае ачапленне перад будынкам парламента, патрабуючы адстаўкі старшыні парламенту Іраклія Кабахідзэ, кіраўніка МУС Георгія Гахарыі і кіраўніка Службы дзяржбяспекі Вахтанга Гамелауры. Паліцэйскія спынілі спробу штурму, да раніцы пятніцы рассеяўшы асноўную частку тых, хто сабраўся на праспекце Руставэлі. Ужываліся спецсродкі – газ, гумовая кулі і вадамёты.
  • Міністэрства аховы здароўя Грузіі паведаміла пра 240 пацярпелых падчас мітынгу перад будынкам парламента ў цэнтры Тбілісі. У розных тбіліскіх шпіталях застаюцца 102 пацыента. Большасць з іх паступілі з траўмамі вачэй. Двум пацярпелым давялося выдаліць вочы.
  • Пратэсты ўспыхнулі пасля таго, як дэпутат расейскай Дзярждумы Сяргей Гаўрылаў звярнуўся да ўдзельнікаў Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя, што праходзіць у Тбілісі, седзячы ў крэсле спікера грузінскага парламента і на расейскай мове. Гэта выклікала гнеў грузінскіх палітыкаў і грамадства, бо Расею ў Грузіі лічаць агрэсарам і акупантам.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў