Кім Чэн Ын упершыню за 7 гадоў пакінуў КНДР


Лідар Паўночнай Карэі наведаў Кітай, дзе сустрэўся з Сі Цзіньпінам. Гэта яго першы замежны візіт з моманту ўступлення ў пасаду ў 2011 годзе.

Паводле «Сіньхуа», кіраўнік Паўночнай Карэі знаходзіўся з неафіцыйным візітам у Кітаі з нядзелі па сераду па запрашэнні старшыні КНР. Паўднёвакарэйскія СМІ паведамлялі, што Кім Чэн Ын прыехаў у Пекін на спеццягніку.

Падчас сустрэчы з Сі Цзіньпінам лідар КНДР заявіў, што перамовы прайшлі паспяхова і гэта павінна спрыяць развіццю двухбаковых дачыненняў і «захаванню міру і стабільнасці на Карэйскім паўвостраве». Сі Цзіньпін таксама высока ацаніў сустрэчу.

Раней стала вядома, што Доналд Трамп і Кім Чэн Ын могуць правесці перамовы ў траўні.

«Мы лічым такое развіццё падзей яшчэ адным доказам таго, што наша кампанія максімальнага ціску стварае прыдатную атмасферу для дыялогу з Паўночнай Карэяй», – заявіла прэс-сакратарка амерыканскай адміністрацыі Сара Сандэрс.

Паўночная Карэя дзесяцігоддзямі знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі з прычыны татальнага парушэння правоў чалавека, а таксама спробаў стварыць уласную зброю масавага знішчэння. На працягу апошняга года, у выніку серыі ракетных выпрабаванняў і рэзкіх заяваў уладаў Пхеньяна, адносіны КНДР і ЗША яшчэ больш пагоршыліся, эксперты не выключаюць верагоднасць узброенага канфлікту паміж гэтымі дзяржавамі.

Дагэтуль ніводны з прэзідэнтаў ЗША ні разу не прымаў удзелу ў перамовах ні з кім з лідараў КНДР.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў