Кім Чэн Ын прыпыніў ядравыя выпрабаванні ў КНДР. Ракеты паставілі на ўзбраенне


Кіраўнік Паўночнай Карэі абвясціў аб прыпыненні з 21 красавіка выпрабаванняў ядравай зброі і міжкантынентальных балістычных ракет ды закрыцці палігона для ядравых выпрабаванняў.

«Ва ўмовах, калі мы паставілі на ўзбраенне ядравыя сродкі, цяпер у нас знікла неабходнасць у ядравых выпрабаваннях і выпрабаванні балістычных ракет сярэдняга ды далёкага радыусу дзеяння, а такім чынам палігон для ядравых выпрабаванняў вычарпаў сваю місію», – прыводзіць паўночнакарэйскае іфармацыйнае агенцтва ЦТАК словы Кім Чэн Ына.

КНДР збіраецца захаваць свой ядравы патэнцыял, але адмовіцца ад далейшых выпрабаванняў ядравай зброі, удакладняе расейскае інфармагенцтва ria.ru.

Пленум ЦК Працоўнай партыі КНДР таксама пастанавіў, што Паўночная Карэя актывізуе «цесныя кантакты і дыялог з суседнімі дзяржавамі і міжнароднай супольнасцю».

Нагадаем, што 27 красавіка паўночнакарэйскі лідар сустрэнецца з прэзідэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Інам у межах трэцяга міжкарэйскага саміту.

«Гэта вельмі добрыя навіны для Паўночнай Карэі і свету, вялікі прагрэс! Чакаю на наша саміт», – пракаментаваў рашэнне КНДР амерыканскі прэзідэнт Доналд Трамп.

Зладзіць трэці карэйскі саміт у Сеуле прапанавала Сястра Кім Чэн Ына. У лютым яна наведала Паўднёвую Карэю падчас правядзення зімовай алімпіяды ў Пхёнгчхангу.

У 2017 годзе праз ядравыя выпрабаванні ў КНДР сітуацыя на Карэйскім паўвостраве абвастрылася. Напрыканцы года Пхеньян паведаміў аб паспяховым стварэнні ядравых сілаў і сваёй магчымасці нанесці ўдар па ЗША. Пасля чаго КНДР трапіла пад узмоцненыя міжнародныя санкцыі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў