Кім Чэн Ын прапанаваў Трампу сустрэцца – і той пагадзіўся


Лідар КНДР Кім Чэн Ын прапанаваў прэзідэнту ЗША правесці сумесную сустрэчу, і Доналд Трамп адказаў, што прымае гэтую прапанову.

Кім Чэн Ын выказаў пажаданне сустрэцца з Трампам падчас перамоваў з прадстаўніком органаў бяспекі Паўднёвай Карэі Чон Ый Ёнам, які аб’явіў пра гэту гістарычную прапанову 8 сакавіка ў Вашынгтоне.

Трамп адразу ж пракаментаваў навіну ў сваім Твітэры:

«Кім Чэн Ын казаў пра дэнуклеарызацыі з прадстаўніком Паўднёвай Карэі. Таксама ў гэты час не будзе ніякіх ракетных выпрабаванняў у Паўночнай Карэі. Назіраецца вялікі прагрэс, але санкцыі будуць захоўвацца да таго часу, пакуль не будзе дасягнутае пагадненне. Сустрэча плануецца!».

Па сведчанні Чон Ый Ёна, бакі дамовіліся аб правядзенні сустрэчы да пачатку траўня, аднак высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі ЗША, які гутарыў з журналістамі на ўмовах ананімнасці, адзначыў, што бакі плануюць правесці двухбаковыя перамовы «праз пару месяцаў, і іх дакладнае месца і час правядзення яшчэ трэба будзе вызначыць».

Як паведаміў Чон Ый Ён, Кім Чэн Ын хоча сустрэцца з Трампам як мага хутчэй і кажа, што ён мае намер устрымацца ад далейшых ядравых і ракетных выпрабаванняў, паведамляе «Голас Амерыкі».

Паўночная Карэя дзесяцігоддзямі знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі з прычыны татальнага парушэння правоў чалавека, а таксама спробаў стварыць уласную зброю масавага знішчэння. На працягу апошняга года, у выніку серыі ракетных выпрабаванняў і рэзкіх заяваў уладаў Пхеньяна, адносіны КНДР і ЗША яшчэ больш пагоршыліся, эксперты не выключаюць верагоднасць узброенага канфлікту паміж гэтымі дзяржавамі.

Варта адзначыць, што да гэтага часу ні адзін з прэзідэнтаў ЗША ні разу не прымаў удзелу ў перамовах ні з кім з лідараў Паўночнай Карэі, паведамляе Бі-бі-сі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў