Мы сабралі самыя красамоўныя факты аб прарасейскім тэрарысце Гіві, які ваяваў супраць украінскага войска і мірных жыхароў на Данбасе.
Тэрарыст пад мянушкаю Гіві стаўся вядомым пасля баёў пад Ілавайскам. Украінская групоўка войскаў трапіла ў «кацёл». У акружэнні тэрарыстычных сілаў, падмацаваных расейскімі вайскоўцамі-«адпускнікамі» украінцы атрымалі гарантыі выхаду праз «гуманітарны калідор», але былі расстраляныя падчас адступлення.
У «зачыстках» бралі ўдзел тэрарысты з банды «Самалі», якой кіраваў Гіві.
«Ілавайск – усё было распланавана заранёў, і мы рабілі сваю справу, пастаўленую задачу. Гэтую задачу мне паставіў Конананаў Уладзімір Пятровіч, міністр абароны: падтрымаць Ілавайск любымі шляхамі. Я ўтрымліваў Ілавайск сваймі людзьмі, у першую чаргу. (…) Дарога ад Ілавайску да Успенкі была забітая тэхнікай, забіта ў хлам. Так што немагчыма было праехаць, мы адцягвалі тэхніку сваймі сіламі, каб людзі маглі ездзіць па гэтай вызваленай дарозе», – распавядаў пра свой удзел у баях пад Ілавайскам Гіві.
Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, у баях за Ілавайск загінулі больш за 300 ваенных, сепаратысты заяўлялі, што не менш за 900. Цяпер горад знаходзіцца пад кантролем «ДНР».
У 2014 годзе, калі група ўкраінскіх жаўнераў абараняла а сепаратыстаў будынкі Данецкага аэрапорту, Матарола і Гіві запісалі зварот да «кібаргаў», называючы іх «підаргамі».
Вялікую ролю ў папулярызацыі тэрарыстаў Матаролы і Гіві, акрамя расейскіх медыяў, адыграў журналіст з Вялікай Брытаніі Грэхэм Філіпс, які не хавае сваёй сімпатыі да прарасейскіх тэрарыстаў на Данбасе.
У 2015 годзе прадстаўніца Міністэрства абароны Украіны, памочніца начальніка Генштабу Таццяна Рычкова ў адным з інтэрвʼю заявіла, што Гіві паказальна расстрэльваў параненых украінскіх жаўнераў, якія трапілі ў палон. Прадстаўніца Украіны спаслалася пры гэтым на паказанні грамадзяніна Расеі, які трапіў у палон на Данбасе.
«Ты, чмо, навошта сюды прыпёрлася»? – крычыць на ўкраінскіх жаўнераў баевік і просіць у сваіх падначаленых нож. Жаўнеры стаяць на каленях. «Гіві» адразае з рукавоў вайскоўцаў украінскія сцягі і запіхвае іх салдатам у рот. «Шчыра скажу, вам пашчасціла, вы застаняцеся жывыя», – крычаць «Гіві». Палонным завязваюць вочы і кідаюць жаўнераў у машыну.
Пра тое, што Гіві адрозніваўся садызмам і жорсткасцю ў дачыненні палонных, вядома са сведчанняў тых, каго вызвалілі з рук «ДНР» ды з некаторых відэа з удзелам Гіві.
У сакавіку 2015 году зʼявіліся паведамленні, што Гіві спрабавала забіць «дыверсійная група»: калі ён ехаў на пазіцыі ля Данецкага аэрапорту, невядомыя абстралялі машыну «падпалкоўніка ДНР».
«У выніку нападу пашкоджаная машына падпалкоўніка Талстых (сапраўднае прозвішча Гіві – рэд.), сам ён не пацярпеў, бо ў час выскачыў з машыны і адкрыў агонь на паражэнне па машыне нападнікаў, пашкодзіўшы ім правы бок, прастрэліўшы заднюю фару», – паведамілі прадстаўнікі групоўкі «Самалі».
Таксама ў адным з інтэрвʼю Гіві распавядаў, што яго ледзь не забіў снайпер.
МЛ, belsat.eu