Кім былі шышы і як Масква стала беларускай


На застаўцы: Ян Хрызастом Пасек пад Ляхавічамі. Малюнак Юльюша Косака, крыніца: wikipedia.org

Што вы ведаеце пра вайну, якая сапраўды была айчыннай для беларусаў? Яна не пачалася 22 чэрвеня 1941 года.

У Беларусі афіцыйна называюцца айчыннымі дзве вайны: Расеі з Францыяй у 1812-м і савецка-нямецкая 1941-45 гадоў. Але калі глядзець на гісторыю з пазіцыі беларускага народа, то адзінаю, сапраўды ўсенароднаю, а гэта значыць – айчыннаю, была вайна з Масквою 1654–1667 гадоў.

Такое меркаванне ў новым выданні праграмы «Загадкі беларускай гісторыі» выказвае доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Краўцэвіч.

За гэтыя гады маскоўскія войскі акупавалі і ў шчэнт спустошылі тэрыторыю сучаснай Беларусі. Сотні тысяч чалавек былі вывезеныя ў палон.

«Як напісаў расейскі гісторык, Масква на нейкі час нават стала беларускаю. Пра гэта сведчыць узнікненне найвялікшай тады ў горадзе мяшчанскай слабады», – распавядае Аляксандр Краўцэвіч.

Ён дадае, што на барацьбу з захопнікамі ўзняліся нават тыя праваслаўныя беларусы, якія напачатку сустракалі маскавітаў з хлебам-соллю.

Тады ж з’явіўся ўпершыню тэрмін для абазначэння беларускіх партызанаў. У маскоўскіх рапартах яны называліся «шышамі». Сяляне збіраліся ў атрады, часам па некалькі тысяч чалавек, і знішчалі асобныя маскоўскія часткі. Магілёўцы ў 1661 годзе па ўласнай ініцыятыве выбілі ўвесь маскоўскі гарнізон. Народная барацьба вельмі дапамагла войску Рэчы Паспалітай вызваліць краіну ад маскоўскай навалы.

Чаму вайну 1812 года і савецка-нямецкую нельга лічыць айчыннымі для Беларусі, Аляксандр Краўцэвіч распавядае ў праграме «Загадкі беларускай гісторыі» (відэа вышэй).

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:45. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Стужка навінаў