Кіеў скіраваў у МЗС Беларусі ноту праз затрыманні грамадзянаў Украіны на Дзень Волі


Украінскі МЗС хоча ведаць прычыны і абставіны затрымання сваіх двух грамадзянаў падчас акцыі на Дзень Волі. Пра гэта ў эфіры Hromadske.tv заявіў начальнік управы консульскага забеспячэння Міністэрства замежных справаў Украіны Васіль Кірыліч.

Імя першага затрыманага 25 сакавіка – Руслан Цярэшчанка. Яму прысудзілі 15 содняў арышту, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Украіны, якога ўтрымліваюць у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Менску. Па стане на 17 гадзіну 27 сакавіка рашэнне аб прыцягненні яго да адказнасці не прынятае», – сказаў Васіль Кірыліч.

Яго прозвішча ў эфіры не назвалі.

Паводле Васіля Кірыліча, у бліжэйшы час затрыманага наведае консул, каб пабачыць умовы, у якіх яго ўтрымліваюць.

Гэта не адзіныя замежнікі, якіх затрымалі падчас акцый прымеркаваных да Дня Волі. Вядома пра брытанскага журналіста, з якога затрымалі і здзекаваліся амапаўцы.

Таксама 13 содняў далі грамадзянке Расеі Вользе Рошчынай. Дзяўчыну затрымалі супрацоўнікі АМАПу ў раёне Акадэміі навук. Яна прыехала як турыстка, запытала, як прайсці ў цэнтр, пасля чаго яе скруцілі.

27 сакавіка ў Менску прайшлі масавыя суды над затрыманымі 25 і 26 сакавіка. Содні і штрафы атрымалі больш сотні чалавек.

Поўны спіс затрыманых на акцыях.

Чытайце таксама >>>

ДР belsat.eu

Стужка навінаў