Кіеў паабяцаў жорстка адказаць на дзеянні Беларусі


Можа дайсці нават да адклікання амбасадара Украіны. Пра гэта сёння заявіў міністр замежных справаў Украіны Дзмітрый Кулеба, перадае «Интерфакс-запад».

Дмитро Кулеба. Фото: rbc.ua, wikipedia.org, CC

МЗС Украіны папярэдзіла Беларусь аб рашучых дзеяннях у выпадку працягвання нядобразычлівых дзеянняў Беларусі.

«Я выклікаў амбасадара, каб дасканала прааналізаваць перспектывы адносін з Беларуссю ў новай рэальнасці. Унесці канкрэтныя прапановы кіраўніцтву дзяржавы, як далей будаваць адносіны з дзяржавай-суседкай у каротка- і сярэднетэрміновай перспектыве. Не выключаю, што ён вернецца ў Менск. Але, калі недружалюбныя дзеянні Беларусі будуць працягвацца, і рызыкі будуць расці, мы гатовыя ісці на жорсткія крокі. Нават далей, чым выклік пасла на кансультацыі», – цытуе «Интерфакс-Запад» Дзміятрыя Кулебу.

Перадусім выклік амбасадара – гэта рэакцыя амбасадараў на выдачу вайскоўцаў ПВК «Вагнер» Расеі, хоць украінскі бок неаднаразова прасіў выдаць байцоў, а таксама абвінавачваннем Кіева ва ўмяшанні ў справы Беларусі. Міністр замежных спраў Украіны падкрэсліў, што слабая Беларусь можа ўзмацніць Расею.

«2014 год навучыў нас, што можа быць усё. Любое паслабленне суверэнітэту Беларусі негатыўна ўплывае на бяспеку Украіны. Любое ўмацаванне пазіцый Расеі ў Беларусі – гэта рост пагроз для нас. Гэта і эканамічныя рызыкі, калі можна ўплываць на пастаўкі тавараў прамысловасці ва Украіне. І бяспечныя – выкарыстанне беларускай мяжы для аперацый. Велізарная мяжа Украіны з Беларуссю не павінна ператварыцца ў месца для бесклапотнай прагулкі расейскіх спецслужбаў або арміі».

Таксама на старонцы МЗС Украіны з’явіўся дадатковы каментар наконт выказванняў Лукашэнкі.

«Мы заклікаем нашых беларускіх сяброў і партнёраў не паддавацца на інфармацыйныя правакацыі, каб не патрапіць у пастку прапаганды і фэйкаў. Не трэба шукаць ворагаў там, дзе іх няма».

Нагадаем, што сёння Лукашэнка ў чарговы раз абвінаваціў замежныя дзяржавы, сярод іх і Украіну, у кіраванні пратэстамі ў Беларусі.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў