Кіеў можа адмовіцца ад беларускага бензіну


Украіна можа задзейнічаць абмежавальныя механізмы для зніжэння імпарту беларускага бензіну ўслед за ўвядзеннем імпартных мытаў на расейскае дызпаліва, якое пастаўляецца па нафтаправодах, распавёў дырэктар ТАА «Кансалтынгавая група А-95» (Кіеў) Сяргей Куюн у інтэрв’ю «Веснік Белнафтахіму.

«Услед за «дызельнымі» мытамі на расейскае паліва могуць быць уведзеныя абмежаванні на беларускі бензін», – сказаў Сяргей Куюн.

Эксперт звязвае магчымыя абмежаванні на імпарт беларускага бензіну з актывізацыяй НПЗ «Укртатнафта», якім кіруе група «Прыват».

Hавiны
Украінскае войска атрымае дызпаліва з Мазырскага НПЗ
2019.01.08 20:04

Паводле яго звестак, імпарт бензіну з Беларусі па выніках першага паўгоддзя сёлета скараціўся на 25 % да 315 тыс. тон у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Эксперт тлумачыць зніжэнне паставак беларускага бензіну тым, што «найбуйнейшыя пакупнікі – ОККО, WOG, AMIC сышлі да «Арлен Летува».

«У выніку доля беларускага бензіну ў балансе ўкраінскага рынку ў першым паўгоддзі знізілася з 44 % да 34 %. А Літва нарасціла пастаўкі ажно на 79 %», – адзначыў Куюн.

Між тым, эксперт падкрэслівае рост прывабнасці беларускага дызпаліва на ўкраінскім рынку ва ўмовах увядзення Украінай з 1 жніўня адмысловай мыты на дызельнае паліва, якое пастаўляецца з Расеі трубаправодным транспартам. З 1 кастрычніка спецмыта вырасце з 3,75 % да 4 %, нагадаў Куюн.

«Гэта аўтаматычна ўзмоцніць прывабнасць беларускага напрамку», – паведаміў эксперт.

Абмежавальная захада ў дачыненні да беларускай прадукцыі ўжо не першы раз уводзіцца Кіевам. Гэтак 21 траўня Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі (МКМТ) Украіны прыняла рашэнне аб увядзенні антыдэмпінгавых мераў у дачыненні да імпарту ва Украіну цэментных клінкераў і портландцементу з Расеі, Беларусі і Малдовы.

Раней пад забарону патрапілі беларускія калійныя ўгнаенні.

Hавiны
Украіна наклала антыдэмпінгавую мыту на цэмент з РФ, Беларусі і Малдовы
2019.05.21 19:12

СК belsat.eu

Стужка навінаў