«Кенэдзі дзе забілі? А з Кінгам што здарылася?». Як Пуцін адказаў на пытанне Fox News пра Скрыпалёў


Пасля сустрэчы з Доналдам Трампам прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін даў інтэрв’ю амерыканскаму тэлеканалу Fox News. Амерыканскі журналіст Крыс Уолес задаў расейскаму прэзідэнту шмат нязручных пытанняў.

Крыс Уолес спытаў у Пуціна, чаму яго палітычныя апаненты пастаянна падвяргаюцца нападам. У прыватнасці, журналіст успомніў пра забойства Ганны Паліткоўскай і замаху на былога афіцэра расейскай выведкі Сяргея Скрыпаля.

Пуцін: Па-першае, у нас ва ўсіх шмат палітычных праціўнікаў. І ў прэзідэнта Трампа шмат палітычных праціўнікаў. Вазьміце любога чалавека, які займаецца дзяржаўнай…

Уолес: Але яны жывыя.

Пуцін: Не заўсёды. У вас прэзідэнтаў не забівалі, ці што? Вы крыху забыліся пра гэта? Кенэдзі дзе забілі, у ЗША ці ў Расеі? А з Кінгам што здарылася (Марцін Лютэр Кінг, забіты ў 1968 годзе – заўв. belsat.eu)? Што наогул адбываецца падчас сутыкненняў паміж паліцыяй і актывістамі грамадзянскай супольнасці, скажам, этнічных негрыцянскіх арганізацыяў? Гэта ў нас адбываецца ці ў вас? Гэта ў вас адбываецца. У вас шмат сваіх праблем. А тое, што ў Расеі адбываюцца крымінальныя праявы, ды, на жаль, гэта так. Расея знаходзіцца яшчэ ў значнай ступені ў стане свайго дзяржаўнага станаўлення.

Што тычацца атручвання Скрыпалёў, то Пуцін падкрэсліў, што Расеі не прадʼявілі ніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі датычнасць расейскіх спецслужбаў да гэтага злачынства.

Уолес таксама запытаў Пуціна наконт вялікіх ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва падчас бамбавання Сірыі расейскай авіяцыяй, але прэзідэнт РФ заявіў, што адказнасць за гэта нясуць тэрарысты, а не Расея. Пуцін зноў зняпраўдзіў абвінавачванні ва ўмяшальніцтве ў амерыканскія выбары, а таксама зноў распавёў пра тое, што Майдан ва Украіне нібыта арганізаваў Захад.

«Вы мяне спыталі пра Крым, пра Украіну. Гэта ж не мы арганізавалі там вайсковы дзяржаўны пераварот і ўзброеную змену ўлады ў парушэнне канстытуцыі Украіны, не мы ж там піражкі раздавалі паўстанцам на гэты конт? Так, мы разумеем, там складаныя працэсы, але не такім жа чынам іх трэба вырашаць. Прычым дзе? Прама ў нашых межах», – заявіў ён.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў