Кэмэран анансаваў рэферэндум па выхадзе Вялікай Брытаніі з Еўразвязу


Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэмэран пасля сустрэчы з каралевай Элізабэт II анансаваў рэферэндум па пытанні далейшага чалецтва краіны ў Еўразвязе.

Пра гэта ў пятніцу, 8 траўня, паведамляе расейскі тэлеканал «Дождь» са спасылкай на агенцтва Reuters.

«Так, мы правядзем рэферэндум па нашай будучыні ў Еўропе», – заявіў Кэмэран.

Брытанскі прэм’ер і раней абяцаў правесці рэферэндум аб выхадзе Брытаніі з ЕЗ. Так, напрыклад, ён узнімаў гэтае пытанне ў студзені 2013 года ў рамках свайго праграмнага выступу.

Раней 8 траўня стала вядома, што Кансерватыўная партыя на чале з Кэмэранам атрымала сенсацыйную перамогу на парламенцкіх выбарах і забяспечыла сабе права на самастойнае стварэнне ўраду. Кансерватары атрымалі 325 месцаў у парламенце – на адно месца менш, чым патрабуецца для фармальнай большасці.

МЯ, паводле tvrain.ru

Стужка навінаў