КДК заняўся прадпрыемствам, якое зліло ў каналізацыю 19 тыс. тонаў малочных прадуктаў


Кіраўнікі цэху ААТ «Малочны свет» загадалі зліць у каналізацыю больш за 19 тыс. тонаў непрададзенай тварогавай сыроваткі.

Гэты факт быў выяўлены супрацоўнікамі Камітэту дзяржкантролю, якія вывучалі фінансавыя дакументы аднаго з сельскагаспадарчых кааператываў Гарадзеншчыны і ААТ «Малочны свет».

Аператыўнікі фінансавай міліцыі заўважылі: на СПК пастаўлялася сыроватка, але дакументальна гэта не пацвердзілася. Працаўнікі цэху натуральнамалочнай прадукцыі прадпрыемства «Малочны свет» распавялі, што непрададзеную тварогавую сыроватку яны на загад кіраўніцтва злівалі ноччу ў каналізацыю.

З мэтай спісання прадукцыі з уліку афармлялі беставарныя накладныя на адрас СПК.

У выніку прадпрыемству нанесеная страта на суму звыш 90 тыс. рублёў, адзначаецца на сайце КДК. Між тым малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы бліжэйшых рэгіёнаў працавалі з няпоўнай загрузкай і маглі б яе перапрацаваць, мяркуюць у ведамстве.

У дачыненні да кіраўнікоў цэху ААТ «Малочны свет» распачалі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Кіраўнікам пагражае да 10 гадоў зняволення.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў