КДК пра «справу прафсаюзаў»: яны не заплацілі падаткаў на «сотні тысячаў долараў»


Камітэт дзяржкантролю апублікаваў прэс-рэліз з тлумачэннямі па факце затрымання прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзу РЭП.

«Органамі фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю па фактах ухілення ад выплаты падаткаў распачатая крымінальная справа ў дачыненні да кіраўнікоў аднаго з прафесійных саюзаў Рэспублікі Беларусь, якія не ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Падчас праверкі выяўлена, што старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюзу рахункі ў замежных банках, на якія паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч долараў ЗША)», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Службовыя асобы прафсаюзу парушылі патрабаванне Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь аб неабходнасці атрымання спецыяльнага дазволу на адкрыццё рахункаў за мяжой, паведамляе kgk.gov.by.

«Такім чынам яны спрабавалі схаваць факты атрымання за межамі нашай краіны даходаў і ўхіліцца ад выплаты падаткаў з гэтых даходаў. Атрыманыя грошы пераводзіліся ў наяўныя і перавозіліся ў рэспубліку, для чаго дадзеныя службовыя асобы рэгулярна выязджалі за межы краіны».

Распачатая крымінальная справа ў дачыненні старшыні прафсаюзу – Генадзя Фядыніча і бухгалтара прафсаюзу Ігара Комліка. Ім пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў