«КДБшнікі прыходзілі гутарыць, а потым забралі». Што вядома пра справу баевіка ДНР з Рэчыцы


Жыхар Рэчыцы Віталь Мітрафанаў, якога Гомельскі абласны суд 16 лістапада пакараў 2 гадамі «хіміі» за ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы (арт. 361-3 ч.1 КК РБ), прабыў на Данбасе толькі каля 2 месяцаў, а адразу па вяртанні ў Беларусь да яго прыйшлі з КДБ.

Пра абставіны справы Віталя Мітрафанава журналістам belsat.eu распавялі ягоныя сваякі.

Нагадаем, пра прысуд баявіку ДНР з Рэчыцы стала вядома 16 лістапада. Як паведаміла нашаму карэспандэнту прадстаўнік Гомельскага аблсуда Вольга Барсукова, падсудны быў прызнаны вінаватым ва ўдзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, а роўна ўдзеле ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без ўпаўнаважання дзяржавы і пры адсутнасці прыкмет злачынства, прадугледжанага ст.133 КК Рэспублікі Беларусь (найміцтва).

На падставе ч.1 ст.361-3 КК Рэспублікі Беларусь яму прызначана пакаранне ў выглядзе 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Максімальная ж санкцыя па гэтым артыкуле – да 5 гадоў зняволення.

Фота – TUT.by

Да ўступлення прысуду ў законную сілу мера стрымання жыхару Рэчыцы змененая на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах – яго вызвалілі з-пад варты ў зале суду. Ужо днём 16 лістапада Віталь Мітрафанаў вярнуўся з Гомля ў Рэчыцу.

Рукі-ногі цэлыя – вось і добра

Прысуд жыхару Рэчыцы вялікага рэзанансу ў горадзе не набыў. Нават суседзі сям’і амаль нічога не чулі пра тое, што адбылося з Мітрафанавым.

«Пра паездку на Данбас я нічога не ведаў. Упершыню пра гэта пачуў ад жонкі Віталя некалькі дзён таму», – распавядае сусед Мітрафанавых карэспандэнтам belsat.eu.

На пытанне, што ён думае пра ўдзел Віталя Мітрафанава ў вайне мужчына толькі паціскае плячыма: «Ды не ведаю, што я думаю пра гэта. Што тут наогул можна сказаць?».

Паводле інфармацыі TUT.by, 41-гадовы Віталь Мітрафанаў раней быў судзімы. Але сваякі гэта катэгарычна адмаўляюць: крымінальнага пераследу ён ніколі не зазнаваў.

Віталь Мітрафанаў. Фота – VK

Паводле брата баевіка, Віталь Мітрафанаў – будаўнік, плітачнік па спецыяльнасці – працаваў у Маскве, а ў красавіку 2017-га раптам перастаў выходзіць на сувязь. Сваякі ўжо пачалі хвалявацца, але праз пэўны час ён сам з імі скантактаваўся з украінскага нумара. Толькі тады родныя даведаліся, што ён на вайне.

«Не ведаю, чаму ён вырашыў паехаць, – прызнаецца Іван Мітрафанаў, – Магчыма яго закранула тое, што ў нас сваякі ёсць на ўсходзе Украіны, а па тэлебачанні самі ведаеце, што паказваюць пра Данбас. Вось і паехаў, відаць».

Іван Мітрафанаў кажа, што па вяртанні Віталь амаль нічога не распавядаў сям’і пра вайну. Не казаў у якім падраздзяленні служыў, што рабіў і ці даводзілася забіваць у баі. Сваякі таксама шмат пытанняў не задавалі: маўляў, рукі-ногі цэлыя – вось і добра.

Цікава, што ў адрозненні ад іншых баевікоў ЛДНР з Беларусі Віталь Мітрафанаў не афішаваў свой удзел ва ўзброенным канфлікце ў сацыяльных сетках – ягоных фота з Данбасу журналісты belsat.eu не знайшлі.

Вярнуўся Віталь Мітрафанаў у Беларусь праз пару месяцаў – напачатку ліпеня 2017-га. Чаму служба на Данбасе доўжылася гэтак мала – невядома. Але адразу па вяртанні Віталём зацікавілася мясцовае ўпраўленне Камітэту дзяржбяспекі, якое ў выніку распачало супраць яго крымінальную справу.

«КДБ атрымаў ад расейцаў інфармацыю, што Віталь перасякаў расейска-украінскую мяжу. Спачатку да яго прыходзілі проста гутарыць, потым рэчыцкія КДБшнікі канфіскавалі кампутар, флэшкі ды телефон. А потым яго самога забралі. Трымалі ў СІЗА Гомля, жонка перадачы вазіла», – распавядае Іван.

«Свой тэрмін на «хіміі» можна спакойна адцягнуць»

Цяпер, пакуль прысуд не набыў законную сілу, Віталь Мітрафанаў знаходзіцца на волі, але размаўляць з журналістамі катэгарычна адмаўляецца.

Прысуд Мітрафанаву – ўжо другі ў Беларусі за ўдзел у вайне на Данбасе. Нагадаем, 26 верасня Віцебскі абласны суд пакараў 29-гадовага Аляксея Яршова з Паставаў 2 гадамі хатняй хіміі паводле ч.1 арт. 361-3 – удзел у баявых дзеяннях за мяжой. Паседжанне праходзіла ў закрытым рэжыме.

У інтэрв’ю belsat.eu Аляксей Яршоў, які ўдзельнічаў у вайне на баку ДНР з сакавіка 2016 па травень 2017 году, казаў, што супрацоўнічаў са следствам і «ведаў, што выйдзе на свабоду». Праз месяц пасля прысуду Яршоў вярнуўся на Данбас, каб зноў ваяваць супраць Украіны (хаця ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі з’яўляецца крымінальным злачынствам).

Без усялякіх перашкодаў вярнуўся на Данбас і яшчэ адзін беларус-баевік – Іван Яравы, які 25 траўня быў накіраваны судом Круглянскага раёну ў лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП). Яравы не стаў чакаць моманту, калі рашэнне суду ўступіць у сілу і з’ехаў з краіны яшчэ напрыканцы траўня. Цяпер ён зноў на фронце – служыць у так званай сямёрцы – 7-я (Чысцякоўская) матастралковая брыгада ДНР.

Іван Яравы

Прысуды байцам ЛДНР не асабліва ўражваюць Яравога – ставіцца ён да гэтага спакойна.

«Ну, а што гэтая «хімія»? Хлопцы працаваць будуць, грошы атрымліваць – не менш чым я, калі жыў у Беларусі, без усялякіх прысудаў. Толькі што ў камендатуры трэба адзначацца. Таму спакойна можна свой тэрмін на «хіміі» адцягнуць», – каментуе ён, – А ў Беларусь я яшчэ прыеду – усё роўна мяжы з Расеяй няма, асаблівых праблемаў не будзе».

27-гадовы Іван Яравы з пазыўным «Пушкін» стаў вядомай асобай у Беларусі ў лютым 2016-га. На Данбасе Іван Яравы ваяваў у шэрагах «Казацкага палка ЯрГА». У кастрычніку 2015 году, пасля таго як Іван Яравы зʼездзіў на пабыўку дадому, яго затрымалі ў Воршы, пра што паведаміла газета Адміністрацыі прэзідэнта «СБ. Беларусь сегодня» у артыкуле «Гастарбайтеры вайны» (нумар ад 11 лютага 2016 году). Неўзабаве Яравы пацвердзіў Радыё Свабода, што яго сапраўды затрымлівалі, але праз тыдзень выпусцілі з СІЗА, папярэдзіўшы пра крымінальную адказнасць за наёмніцтва. Пасля гэтага «Пушкін» зноў паехаў на вайну і вярнуўся на радзіму толькі ў жніўні 2016-га. Крымінальнага пераследу ў Беларусі Яравы так і не зазнаў, затое тройчы прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці па арт. 17.3 КаАП (знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане), што і стала падставай для накіравання ў ЛПП.

Трэба адзначыць, што ў перыяд з 2015 па 2016 г. у беларускіх СМІ выйшаў шэраг інтэрв’ю з беларусамі-баевікамі ЛДНР. Некаторыя з іх размаўлялі з журналістамі ўжо па вяртанні ў Беларусь, распавядалі пра абставіны свайго ўдзелу ў вайне і адносіны з праваахоўнымі органамі. Паводле інфармацыі belsat.eu, ніхто з тых, хто публічна ў СМІ прызнаваўся ва ўдзеле ў баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны на баку ЛДНР потым не зазнаў крымінальнага пераследу ў Беларусі.

 

Ігар Ільяш/КА, belsat.eu

Стужка навінаў