«КДБ прыйшоў да мяне дадому». Гісторыі студэнтаў, якіх вымусілі з'ехаць з Беларусі


Студэнты МДЛУ масава выйшлі на акцыю салідарнасці. Менск, Беларусь. 30 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат

Студэнты і працоўныя заўсёды былі галоўнымі рухавікамі рэвалюцыі. «Аксамітная рэвалюцыя» ў Празе, «Чырвоны май» у Парыжы ці «Рэвалюцыя годнасці» ва Украіне пачаліся з масавых дэманстрацый студэнтаў. Карэспандэнт «Белсату» паразмаўляў з маладымі людзьмі, якія былі вымушаныя з’ехаць з краіны з-за сваіх палітычных поглядаў.

З пачаткам навучальнага года беларускія студэнты сталі выходзіць на мірныя шэсці, ладзіць акцыі пратэсту і салідарнасці на сваіх факультэтах супраць гвалту ў краіне. У асобных універсітэтах ўтварыліся страйкамы. Але неўзабаве пачаліся першыя рэпрэсіі: на студэнтаў стала ціснуць адміністрацыя, услед рушылі адлічэнні, затрыманні, штрафы і арышты. Таксама ціск пачаўся і ў дачыненні да моладзевай арганізацыі «Задзіночанне беларускіх студэнтаў». Гэта першы і адзіны нацыянальны студэнцкі саюз, прадстаўніцтва беларускіх студэнтаў у Еўропе.

Даведка

ЗБС утварылася ў пачатку 80-х як антыкамуністычная моладзевая арганізацыя, а цяпер абʼядноўвае беларускіх студэнтаў для абароны сваіх правоў і інтарэсаў, а таксама павышэння якасці вышэйшай адукацыі.

12 лістапада стаў «днём КДБ у ЗБСе» – як празвалі яго самі прыхільнікі. У той дзень да многіх актывістаў арганізацыі прыйшлі дадому з ператрусам. Пяць чалавек, у тым ліку Алана Гебрамарыям, сябра Рады ЗБС і Каардынацыйнай Рады, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў, былі затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА КДБ па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Ператрус прайшоў таксама і на офісе арганізацыі.

Студэнты МДЛУ масава выйшлі на акцыю салідарнасці. Менск, Беларусь. 30 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат

Аднак некаторыя прыхільнікі ЗБС ўсё ж паспелі з’ехаць. Мы пагутарылі аб тым, што здарылася з былымі студэнтамі і чальцамі Рады ЗБС, якія выратаваліся і былі вымушаныя бегчы з краіны, а цяпер знаходзяцца ў Кіеве.

Ліза, 21 год

Елізавета Пракопчык . Кіеў, Украіна. 26 лістапада 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

У той чацвер я была дома ў Пружанах, як раптам пачалі прыходзіць паведамленні, што ў Аланы ператрус. Гэта быў першы званочак. Да гэтага мы з маім хлопцам Данілам вырашылі, што калі будзе два такія званкі – значыць, мы таксама ў небяспецы і трэба з’язджаць з краіны. Я чакала другога. Але замест другога, быў трэці, чацвёрты, пяты… пачалі забіраць нашых сяброў. Потым прыходзіць паведамленне:

«Ліза, цяпер жа кідай усё і едзь у напрамку хоць якой-небудзь мяжы. Я так і зрабіла».

Праз некалькі гадзін была ў Менску і мы з Данілам паехалі ў бок Расеі. Падумалі, што будзе небяспечна перасякаць беларуска-ўкраінскую мяжу: нават калі ў базах вышуку нас няма, могуць быць нейкія ўнутраныя арыентоўкі. Нас могуць не выпусціць і пасадзіць у СІЗА. Таму вырашылі ехаць праз Расею. У той дзень мы пераначавалі ў Воршы, потым знайшлі непадалёк маленькі гарадок, дзе нас пагадзіліся перавезці праз мяжу. Але ў гэты дзень быў узмоцнены кантроль за мяжой: лёталі дроны і пастаянна патрулявалі ФСБшнікі – мы вырашылі не рызыкаваць.

Офіс ЗБС у Менску. Фота прадастаўленае рэдакцыі героямі публікацыі

«Памятаю, як раніцай наступнага дня стаялі на цэнтральнай плошчы, дзе гучна грала дзіўная музыка, як з тэлефона ў рэжыме чакання. І мы быццам самі знаходзіліся ў гэтым рэжыме, не ведаючы, што з намі будзе».

Потым мы паехалі ў Віцебск, дзе знайшлі чалавека, які згадзіўся давезці нас да Масквы. Выехалі аб адзінаццатай вечара на нейкай вайсковай машыне, дарога была вельмі дзіўнай, ехалі лясамі з выключанымі фарамі. Нельга было даставаць тэлефоны, каб не свяціць. Пасля перасячэння мяжы нас перасадзілі ў бус і мы паехалі да Масквы, а потым на аўтобусе Масква-Адэса нарэшце дабраліся да Кіева.

Сяргей, 22 гады

Сяргей Дубіна. Кіеў, Украіна. 26 лістапада 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

У мяне ўсё было прасцей. Я спакойна паспеў сабраць рэчы і вырашыць усе справы.

Я быў у вёсцы, калі мне патэлефанавала бабуля і сказала, што на мяне прыйшла позва з РУУС. Там была фраза «калі вы не з’явіцеся – даставяць прымусова». Гэта ўсіх нас напалохала і я пачаў шукаць сабе адваката. Была рызыка, што мяне выклікаюць нібыта па адміністратыўцы, але на месцы прадʼявяць крымінальную справу. Бабулі станавілася горш, дзядуля не мог знайсці сабе месца. Мы пагаварылі з бацькамі і вырашылі, што калі ёсць магчымасць, то лепш зʼязджаць цяпер. Потым я ўсю ноч збіраў рэчы, ператрасаў дом, чысціў пакой на выпадак прыходу няпрошаных гасцей. Мама вельмі моцна перажывала, калі я адʼязджаў, не спала ўсю ноч. Але калі перасек мяжу супакоілася – я быў у бяспецы.

Дар’я, 21 год

Дар’я Рублеўская. Кіеў, Украіна. 26 лістапада 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Я з’ехала з Беларусі паўтара месяца таму з-за пераследу за праваабарончую дзейнасць. Тады забралі Марфу Рабкову і завялі на яе крымінальную справу, нібыта за фінансаванне масавых мерапрыемстваў. Пазней стала вядома, што я таксама «пад прыцэлам». Вырашыла, што трэба зʼязджаць.

Прайшоў час і ўсё больш-менш сціхла. Я ўжо хацела вяртацца дадому, але тут пачалі затрымліваць знаёмых па студэнцкай ініцыятыве. Падумала, што, напэўна, не варта мне цяпер вяртацца. Толькі вось бацькі перажываюць, што тут яны фізічна не могуць мяне абараніць. Але ўжо прывыклі – галоўнае, што я на волі. Тата працуе дальнабойнікам і бярэ рэйсы ва Украіну, каб убачыцца са мной. Кожны раз хоча забраць дадому.

Да многіх студэнтаў, якія паспелі зʼехаць, прыходзілі дадому з ператрусам, але па шчаслівай выпадковасці іх там не было. Хтосьці быў ва ўніверсітэце або здымаў іншую кватэру. Некаму давялося некалькі дзён не выходзіць з дому, эвакуявацца абходнымі шляхамі. За бацькамі таксама сачылі. Адну з дзяўчат даглядалі на мяжы некалькі гадзін, адсканавалі ўсе старонкі нататніка і намякнулі, што ў яе крыміналка. Але выпусцілі. У бацькоў Данілы таксама быў ператрус: дзве ўваходныя дзверы выламалі ломам і забралі ўсю тэхніку, у тым ліку тэлефоны і працоўныя ноўтбукі бацькоў. Мама цяпер у вымушаным адпачынку.

Пра затрыманых

Але ёсць і тыя, каму пашанцавала менш. Зараз адзінаццаць студэнтаў праходзяць падазраванымі па крымінальных справах і знаходзяцца ў СІЗА на Валадарцы. Пяць з іх прыхільнікі ЗБСу. Ім інкрымінуюць артыкул 342 КК РБ, а менавіта арганізацыю масавых беспарадкаў. Дзесяць з іх прызнаныя палітвязнямі.

 

«Іх затрымалі прыкладна аднолькава – гэта была аблава. Да іх прыйшлі дадому, у інтэрнат і ніхто не паспеў паведаміць пра гэта, з’ехаць. У першыя дні да іх не пускалі адвакатаў, а калі прыйшлі з ператрусам не казалі, па якой справе праходзяць. Тыдзень яны знаходзіліся ў СІЗА КДБ, Алана ўвесь гэты час была адна, і толькі ў панядзелак іх перавялі на Валадарку. Падрабязнасцяў мы не ведаем: адвакаты падпісалі пагадненне аб невыдаванні. Але кажуць, што яны не ўпалі духам.

Перадачы цяпер перадаюць нармальна і нават лісты даходзяць. Ксюша напісала, што ў яе ўсё добра. Кажа, што на Валадарцы матрацы мякчэй і цяплей, але ежа горшая. У камерах ёсць кнігі і нават тэлевізар, але не ведаем, ці працуе», распавядаюць суразмоўцы belsat.eu.

Дар’я Рублеўская, Сяргей Дубіна і Елізавета Пракопчык. Кіеў, Украіна. 26 лістапада 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Пасля затрымання сваіх прыхільнікаў Рада ЗБС выпусціла заяву ў іх падтрымку і запатрабавала неадкладнага вызвалення, а таксама заклікала міжнародную студэнцкую супольнасць, у прыватнасці міністраў адукацыі краін Балонскага працэсу, падтрымаць іх.

АД/MB belsat.eu

Стужка навінаў