КДБ паведаміў пра затрыманне групы чыноўнікаў і банкаўскіх работнікаў


Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі «выявіў маштабныя карупцыйныя схемы, арганізаваныя працаўнікамі супольнага закрытага акцыянернага таварыства «БелАВМ» на чале з генеральным дырэктарам Дзмітрыем Роніным, у якія былі ўцягнутыя прадстаўнікі дзяржаўных органаў».

Як паведаміў БелаПАН начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын, 15 снежня пры атрыманні хабару ад Дзмітрыя Роніна ў $ 20 тыс. на месцы злачынства была затрыманая кіраўніца Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Людміла Бачыла.

Незаконнае грашовае ўзнагароджанне перадавалася за аказанае садзейнічанне ў прызнанні «БелАВМ» пераможцам аўкцыёну па закупцы абсталявання для патрэб фонду. У дачыненні да Бачылы распачалі справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару), у дачыненні да Роніна – па ч. 2 арт. 431 КК (дача хабару).

Затрыманы таксама намеснік генеральнага дырэктара «БелАВМ» Мікалай Рамановіч (супольнік у перадачы хабару Бачыле), працаўнік кампаніі «БелАВМ» Леанід Гарбачэўскі і начальнік упраўлення інфарматызацыі ФСАН Віталь Старавойтаў, адказны за падрыхтоўку конкурсных дакументаў на закуп сродкаў вылічальнай тэхнікі.

Паводле КДБ, гэтыя асобы, знаходзячыся ў злачыннай змове, распрацавалі «патрэбнае» тэхнічнае заданне, якое дазволіла «БелАВМ» перамагчы ў аўкцыёне. За аказанае садзейнічанне Старавойтаў пры пасярэдніцтве Гарбачэўскага атрымаў хабар у $ 4 тыс.

У той жа дзень за карупцыйныя сувязі з «БелАВМ» быў затрыманы старшыня праўлення адкрытага акцыянернага таварыства «Небанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя «Адзіная разлікова-інфармацыйная прастора» Алег Верамейчык (раней – начальнік галоўнага ўпраўлення «Адзінай разлікова-інфармацыйнай прасторы» Нацбанку Беларусі). У ліпені 2016 года ён атрымаў ад Роніна $ 9 тыс., а ў лістападзе – € 6.400 за садзейнічанне ў арганізацыі і правядзенні ў інтарэсах «БелАВМ» «дамоўнага» тэндару на пастаўку абсталявання на суму каля 28 мільярдаў недамінаваных рублёў.

Затрыманыя начальнік галоўнага ўпраўлення валютна-фінансавага маніторынгу Нацыянальнага банку Беларусі Анатоль Мароз і яго намеснік Кацярына Паўлоўская. Задакументаваныя тры эпізоды атрымання Марозам ад Роніна хабараў у суме не менш за $ 13 тыс. за выбар «БелАВМ» ў якасці пастаўшчыка абсталявання, а таксама факт яго пасярэдніцтва пры атрыманні хабару Паўлоўскай.

Па ўсіх пералічаных фактах распачатыя крымінальныя справы. Затрыманыя змешчаныя пад варту.

Супольнае закрытае акцыянернага таварыства «БелАВМ» існуе больш за 20 гадоў, зʼяўляецца адным з лідараў беларускага рынку кампаніяў сістэмных інтэгратараў і партнёрам больш за дзесяць вядучых кампаніяў ІТ-індустрыі.

Учора КДБ паведаміла, што кіраўніцтва «МТЗ», «МАЗ», «БелАЗ» і «Гомсельмаш» набрала хабару на $ 200 тыс.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў