КДБ назваў імёны новых затрыманых па «справе медычных функцыянераў». У тайніках знайшлі сотні тысяч долараў


Старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык распавёў пра новыя затрыманні ў межах маштабнай спецаперацыі па выкрыцці карупцыйнай схемы, звязанай з купляю лекаў і медычнага абсталявання. Усяго на дадзены момант КДБ арыштаваў больш за 60 чалавек, у тым ліку 37 чыноўнікаў.

Валерый Вакульчык пацвердзіў факт затрымання намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага, які лічыўся пратэжэ віцэ-прэм’ера Васіля Жарко.

«Сумы хабараў варʼіраваліся ад $ 2,5 тыс. да $ 10 тыс», – праінфармаваў Валерый Вакульчык.

Ігар Ласіцкі.
Фота: bsmu.by

Таксама Вакульчык пацвердзіў затрыманне дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандра Бялецкага.

«Пры правядзенні ператрусу ў яго гаражы і па месцы жыхарства ў тайніках выяўлена каля $ 500 тыс. у эквіваленце», – адзначыў старшыня КДБ.

Уладзімір Бялецкі (злева) і старшыня прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў

Сярод фігурантаў крымінальных справў таксама галоўны ўрач 1-й гарадской клінічнай бальніцы Менску Алег Фамін – у яго падчас ператрусу выяўлена каля $ 140 тыс. у эквіваленце.

Крымінальныя справы распачатыя ў дачыненні да галоўных лекараў 9-й гарадской клінічнай бальніцы сталіцы Валерыя Кушнярэнкі, Менскай абласной клінічнай бальніцы Андрэя Каралько і Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Анатоля Аладзька. Затрыманы таксама галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтру медычнай рэабілітацыі Сяргей Карыцька.

Акрамя таго, сярод затрыманых генеральны дырэктар прадпрыемства «Белфармацыя» Вячаслаў Гніцій, які атрымліваў хабар за арганізацыю першачарговых разлікаў з камерцыйнымі структурамі, а таксама за выбар «патрэбных» пастаўшчыкоў медычнай прадукцыі, сцвярджаюць у КДБ.

23 чэрвеня пры атрыманні чарговага хабару ў $ 5 тыс. затрыманыдырэктар ААТ «Экзон» Валерый Васкевіч, які на працягу доўгага часу «атрымліваў незаконныя грашовыя ўзнагароды за заключэнне дагавораў на пастаўку прадукцыі ў адрас ААТ і паступовы пераход па сутнасці дзяржаўнага прадпрыемства пад кантроль камерцыйнай структуры». Усяго ў гэтым выпадку гаворка ідзе пра суму не менш як $ 25 тыс, паведаміў Вакульчык.

На дадзены момант па «справе медычных функцыянераў» затрыманыя, заключаныя пад варту, а таксама ўжытыя іншыя меры стрымання ў дачыненні да 37 службовых асоб. Усяго ў справе больш за 60 фігурантаў.

«Усе яны шмат разоў атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за аказанне садзейнічання на пастаўку медабсталявання і медычных прэпаратаў па завышаных цэнах», – заявіў Вакульчык.

Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасці, за выключэннем затрыманых учора, выстаўлены абвінавачанні, дадаў ён.

У дачыненні да 22 службовых асобаў і прадпрымальнікаў, якія чыстасардэчна прызналі сваю віну і прынялі меры да пакрыцця незаконна атрыманых грашовых сродкаў, меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай не ўжываліся.

Следства працягваецца, падкрэсліў Вакульчык.

Нагадаем, 25 чэрвеня Валерый Вакульчык упершыню агучыў некаторыя дэталі «справе медычных функцыянераў». Ён распавёў, што сярод арыштаваных – дырэктар Цэнтру экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Падчас ператрусу ў гаражы Шарака ў тайніку было выяўлена больш за $ 620 тыс. у эквіваленце

Паводле Вакульчыка, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз. Незаконна атрыманыя грошы пераводзіліся на рахункі фірмаў у Ганконгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР.

«Устаноўлена, што кошт і лекаў, і абсталявання завышалася на 10-60%, у асобных выпадках на 100%», – сказаў старшыня КДБ.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў