КДБ: Справа Паўла Шаройкі – на завяршальнай стадыі


Старшыня КДБ Валеры Вакульчык у інтэрв’ю газеце «СБ-Беларусь сегодня» пракаментаваў справу карэспандэнта «Украінскага радыё» у Беларусі Паўла Шаройкі, якога абвінавацілі ў шпіянажы.

«Мяркую, што на пытанне па акалічнасцях справы Шаройка найбольш поўны адказ ужо даў сам затрыманы, які прызнаў сваю віну. Кожны, хто цікавіцца, мог бачыць гэта асабіста па ТБ. Мяркую, што падчас асвятлення працы па ўказаных матэрыялах КДБ ужо надаў агалосцы больш чым дастаткова звестак як пра тую праблематыку, што цікавіла замежную выведку, так і пра вынікі расследавання», – кажа ён.

Паводле Вакульчыка, не варта надаваць шмат увагі справе Шаройка – ён толькі «адзін з 10 выкрытых за апошнія пяць гадоў замежных выведнікаў».

«Мы не агалошваем падобныя факты, разумеючы, што гэта не спрыяе добрым адносінам паміж краінамі. І ў дадзеным выпадку ініцыятыва апублікавання інцыдэнту зыходзіла, як вы ведаеце, не ад нас. Цяпер крымінальная справа ў дачыненні да Шаройкі знаходзіцца на завяршальнай стадыі, бо да моманту яго затрымання ўжо была сабрана вычарпальная доказная база, а само яго затрыманне насіла чыста тэхнічны характар», – падкрэсліў кіраўнік КДБ.

Нагадаем, 25 кастрычніка ў Менску спецслужбы затрымалі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройка. Паводле КДБ, Шаройка стварыў у Беларусі «агентурную сетку з грамадзянаў Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па зборы звестак выведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы». Працу Шаройкі ў Беларусі, паводле заявы КДБ, каардынаваў супрацоўнік ГУР МА Украіны Ігар Скварцоў, які «дзейнічаў пад прыкрыццем саветніка амбасады Украіны ў Беларусі».

Ігар Скварцоў быў абвешчаны персонай нон грата. У адказ Украіна выслала першага сакратара амбасады Беларусі. Менск гэты крок расцаніў як «несяброўскі».

У дачыненні да Шаройкі распачатая крымінальная справа па ст.358 КК Беларусі (шпіянаж) і прынята рашэнне аб утрыманні яго пад вартай. Акрамя Шаройкі, затрыманы грамадзянін Беларусі – яму інкрымінуюць «дзяржаўную здраду».

Афіцыйны Кіеў адмаўляе датычнасць Скварцова і Шаройкі да выведвальнай дзейнасці і лічыць абвінавачванні безпадстаўнымі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў