КДБ: экстрэмісцкія дзеянні пратэстоўцаў можна кваліфікаваць як акт тэрарызму


Начальнік аддзелу следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак заявіў, што «апошнімі днямі ў Беларусі сталі частымі выпадкі экстрэмісцкіх праяваў з боку пратэстна настроеных асобаў».

У прыклад ён прывёў «спробу захопу будынку Цэнтральнага РУУС радыкальна настроенымі грамадзянамі» падчас маршу 25 кастрычніка ў Менску. Таксама, паводле Бычака, уначы 25 кастрычніка ў Гомлі пад дрэўцам бел-чырвона-белага сцяга выявілі «міна-пастку», якая павінна была спрацаваць пры спробе яго вымання.

«Акрамя таго, зробленыя дзве спробы падпаліць гандлёвыя кіёскі з выкарыстаннем бутэлек з запальнай сумессю».

Бычак пералічыў выпадкі на розных участках чыгункі наўмыснага замыкання ланцуга, што пацягнула збоі ў працы праграмнага забеспячэння і «прывяло б да шматлікіх чалавечых ахвяр, тэхнагенных катастроф, буйной матэрыяльнай шкоды, калі б гэтыя дзеянні не былі спыненыя».

«Гэтыя дзеянні спланаваныя і рэалізаваныя арганізаванымі злачыннымі групамі, якія пераследуюць мэту дэстабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, застрашвання насельніцтва, гвалтоўнага змянення дзейнага канстытуцыйнага ладу.

Такія дзеянні, спалучаныя з учыненнем выбухаў, падпалаў, іншых дзеянняў, якія ствараюць небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў або наступлення іншых цяжкіх наступстваў, у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады альбо перашкоджання палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, кваліфікуюцца як акт тэрарызму».

Бычак дадаў: «дзеянням датычных асоб будзе дадзеная адпаведная прававая ацэнка».

belsat.eu

Стужка навінаў