КДБ абвяргае інфармацыю пра затрыманне расейскага бізнесоўца


КДБ не затрымоўваў бізнесоўца Максіма Фінскага, кажуць у прэс-службе ведамства.

«У СІЗА КДБ Максім Фінскі не ўтрымоўваецца, Камітэт не мае дачынення да яго затрымання», – заявіў у каментары БелТА кіраўнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын.

Учора партал Naviny.by са спасылкай на расейскі сат yodnews.ru паведаміў аб затрыманні ў Менску расейскага бізнесоўца Максіма Фінскага. У мінулым ён быў дырэктарам кампаніі «Интергео», а таксама партнёрам алігарха Міхаіла Прохарава.

У Расеі ў дачыненні да Фінскага ўзбуджана крымінальная справа па арт. 159 ч. 4 Крымінальнага кодэксу РФ – «Махлярства, здзейсненае арганізаванай групай або ў асабліва буйным памеры, або такое, якое пазбавіла права грамадзяніна на жылое памяшканне». Дадзены артыкул прадугледжвае пакаранне пазбаўленнем волі на тэрмін да 10 гадоў са штрафам да 1 млн расейскіх рублёў.

Фінскага ўтрымлівалі ў СІЗА, затым перавялі пад хатні арышт.

Паводле інфармацыі yodnews.ru, бізнесовец зрэзаў электронны бранзалет, які кантраляваў яго перамяшчэнне, пасля чаго выехаў у напрамку Менску на машыне службы бяспекі Прохарава.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў