«Казюкі» ў Горадні: ад Мэрылін Манро да драўляных аўтаматаў


Калейдаскоп тавараў ад сотняў майстроў. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Традыцыйны кірмаш рамеснікаў «Казюкі» прайшоў у горадзе над Нёмнам. Удзел узялі майстры з усёй Беларусі, а таксама з Польшчы, Літвы ды Украіны. Мінакоў частавалі глінтвейнам ды прапаноўвалі безліч мілай драбязы на памяць: ад магнітаў на лядоўню да драўлянай зброі.

Святочная сцэна ў падножжа помніка Леніну. Фота — Васіль Малчанаў / «Белсат»

Некалькі сотняў майстроў выставілі свае вырабы ў намётах на пл. Леніна ў Горадні. Сёння, 1 сакавіка, тут прайшоў традыцыйны кірмаш рамеснікаў «Казюкі». Асартымент самы розны: ад плеценых кошыкаў і драўляных лыжак да партрэтаў Мэрылін Манро і бутафорскіх аўтаматаў. Пакуль мінакі выбіраюць падарункі для сябе ці блізкіх, са сцэны гучаць народныя песні ад фолк-калектываў.

Каля помніка Леніну выстаўленая вялікая брама ў форме падковы з надпісам «На багацце». Праход праз браму абяцае мінаку дабрабыт на ўвесь год.

Праход праз браму абяцае дабрабыт на ўвесь год. Фота — Васіль Малчанаў / «Белсат»

Ёсць свае павер’і і ў рамеснікаў: як пойдзе гандаль на «Казюкі», такім будзе і фінансавы год майстра.

Удзел у кірмашы ўзялі майстры з усёй Беларусі, а таксама з Польшчы, Літвы ды Украіны. Мінакоў частавалі глінтвейнам ды прапаноўвалі безліч мілай драбязы на памяць: ад магнітаў на лядоўню да драўлянай зброі.

Фота — Васіль Малчанаў / «Белсат»

Назва «Казюкі» паходзіць ад св. Казіміра – апекуна моладзі і майстроў. Прычым, гэта не міфалагічны, а цалкам рэальны персанаж: кароль і вялікі князь, сын Ягайлы, які жыў у Горадні. «Казюкі» у фармаце кірмашу майстроў адзначаюць таксама ў Літве ды Польшчы.

Драўляныя кампазіцыі ад майстра з Літвы. Фота — Васіль Малчанаў / «Белсат»

У сувязі з тым, што ў Беларусі дэ-факта дзейнічаюць два саюзы палякаў, «Казюкі» таксама існуюць у двух увасабленнях. Суарганізатарам кірмашу на пл.Леніна выступае «афіцыйны» саюз, блізкі да ўладных структураў. «Неафіцыйны» праводзіць свае «Казюкі» у іншы дзень на падворку ля польскага кансулату.

АК, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Стужка навінаў