«Кажуць увесь час, што будуць нешта рабіць». У Шчучыне 5 гадоў абяцаюць адрамантаваць падвал


Жыхары дому на вуліцы Завадская, 1 у Шчучыне ўжо каторы год пакутуюць з падвалам, у якім увесь час стаіць вада. Чыноўнікі сцвярджалі, што вінаватыя самі жыхары, якія «няправільна карыстаюцца каналізацыяй». Людзі ж мяркуюць, што падчас будаўніцтва былі зробленыя крытычныя памылкі.

Шматкватэрны жылы дом на 60 кватэраў, калі пад’язджаеш, выглядае цалкам прыстойна. Не дзіўна, бо збудаваны ён усяго пяць гадоў таму. Большасць насельнікаў – маладыя і шматдзетныя сем’і. Калі толькі кажаш жыхарам слова «падвал», усе ўсё разумеюць, усміхаюцца са скрухай і дадаюць: «Хадземце, самі пабачыце…»

Будынак на 60 кватэраў на вул. Заводскай, 1 у Шчучыне. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

У некаторых месцах падвалам можна прайсці адносна добра, нават не замачыўшы ног. У іншых месцах перасоўвацца можна адно па пакладзеных жыхарамі дошках. Бывае і горш: асабліва пасля дажджоў вада стаіць ледзьве не па калена, а некаторыя жыхары адмыслова купляюць гумовыя боты, адно каб дабрацца да сваіх ячэек. Такая праблема, як нам кажуць, існуе не першы год, але ад самага пачатку эксплуатацыі будынку.

Чыноўнікі звінавацілі… саміх жыхароў

«Яшчэ кансервы якія паставіць можна, – распавядае жыхарка дому Юлія, – Але захоўваць бульбу, яблыкі ці цыбулю – немагчыма. Усё гніе. Не кажучы пра нейкія іншыя рэчы… Літаральна на мінулым тыдні было ледзьве не па калена. Звярталіся ўжо ў УКС, ЖКГ, да Майсея [Я.Майсей – намеснік старшыні райвыканкаму]… Кажуць увесь час, што будуць нешта рабіць».

Сухі падвал – сапраўднае свята для жыхароў, але ці надоўга?..Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»
На падлозе ў падвале заўжды напагатове дошкі: каб было як прайсці ў выпадку затаплення. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Мінулай восенню жыхары пісалі калектыўную скаргу ў райвыканкам, збіралі подпісы. Варта адзначыць, што людзі тут дастаткова арганізаваныя: маюць нават сваю групу ў вайберы, каб лепш каардынаваць высілкі. Тады, у 2018-м, прыйшоў адказ за подпісам намесніка старшыні райвыканкаму, маўляў, уся справа ў каналізацыі, а вінаватыя… самі жыхары:

«З боку жыхароў Вашага дому неабходна павысіць культуру карыстання сеткамі ўнутранай каналізацыі. (…) Засоры каналізацыі, выкліканыя некарэктным яе выкарыстаннем, становяцца, у Вашым выпадку, асноўнай прычынай падтаплення падвальных памяшканняў».

Жыхарка дэманструе сляды апошняга затаплення. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Праз чатыры гады прызналі: дом стаіць на балоце

Падобным адказам жыхары, зразумела, абурыліся. Па-першае, падобная праблема фіксуецца ад самага пачатку, калі людзі толькі засяліліся. Па-другое, нават у старых дамах у тым жа Шчучыне ніякія засоры не правакуюць падтапленняў. Дык чаму ж тут у падвале ўвесь час стаіць вада?

«Чыноўнікі чатыры гады адмаўлялі, што тут ёсць пытанне з грунтовымі водамі, – тлумачыць жыхарка дому Марына Гардзейчык, – Толькі калі мы дайшлі да Дзяржкантролю, яны пагадзіліся, што ёсць такая праблема. Дом жа стаіць у нізіне, на колішнім балоце. Калі прыгледзецца, то дамы навокал пабудаваныя вышэй: наш першы паверх – гэта акурат узровень іхных падвалаў».

У доме жыве багата шматдзетных сем’яў. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»
Нават да сцёкавых трубаў тут не прыбудаваныя каналы для адтоку дажджавой вады. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Жыхары мяркуюць, што памылкі маглі быць дапушчаныя яшчэ на этапе будаўніцтва. Разам з тым, дадаюць, што падчас разбіральніцтваў ім так і не паказалі праектнай дакументацыі ды іншых неабходных папераў. Дробныя пралікі, зрэшты, бачныя нават няўзброеным вокам не спецыяліста. Напрыклад, ад вадасцёкавых трубаў не ідуць конаўкі па ходніку, таму вада не сплывае ў ліўневую каналізацыю, а стаіць лужынамі ці ідзе ў той самы падвал.

Фота вады ў падвале, знятыя самімі жыхарамі

Пах ідзе нават пры зачыненых вокнах – невыносна!

Зараз вакол дому зроблены дрэнаж, але праблему гэта не вырашыла. Пасля моцных залеваў, калі вада найбольш высокая, прыязджаюць адмыслоўцы і адкачваюць ваду. Але даезд, часам, займае 3-4 дні. Жыхары чакаюць, што ў падвале нарэшце зробяць новую сцяжку ды гідраізаляцыю – так ім паабяцалі гэтым разам…

«Пакуль адрэагуюць і прыедуць адкачваць ваду, можа прайсці некалькі дзён, – працягвае Марына Гардзейчык, – Але калі мае вокны на першым паверсе над самым выхадам з падвалу – што мне рабіць?.. Пах ідзе нават пры зачыненых шклопакетах. Пах таксама стаіць і ў пад’ездзе, зараз і да апошняга паверху дабівае. Гэта невыносна».

Шматлікія звароты ў дзяржаўныя структуры пакуль не далі плёну. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Вада сыдзе раз і назаўсёды

«Там перыядычна бывае вада. Добра ведаю пра праблему і літаральна ўчора накіраваў заключэнне ў праекце, у якім выказваюцца прапановы, як вырашыць праблему.

Мы там і не адзін раз рабілі. Цяпер плануем, што не пазней за 15 кастрычніка зробім неабходныя працы і вада сыдзе раз і назаўсёды. Там памылка была ў праектнай арганізацыі. І праблема не дае спакою ўжо пяты год.

Раней мы клалі дрэнаж, але эфекту ад гэтага было мала. Але выправім сітуацыю неўзабаве», – распавёў «Белсату» намеснік кіраўніка Шчучынскага райвыканкаму Ян Майсей.

  • «Белсат» будзе сачыць за сітуацыяй з рамонтнымі працамі ў гэтым доме.

АК, фота Васіль Малчанаў

Стужка навінаў