«Казалі, што адправяць у дзіцячы дом, калонію». Гарадзенку затрымалі за ўдзел у акцыі, на якой яна не была

Дзіна Кавалевіч. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат

1 верасня ў Горадні адбываліся студэнцкія пратэсты. У часе акцыяў каля чыгуначнага вакзалу былі затрыманыя 10 маладзёнаў. Сярод іх – Дзіна Кавалевіч, 16-гадовая навучэнка аднаго з гарадзенскіх каледжаў. Дзяўчына сцвярджае, што не брала ўдзелу ў акцыі, а нагодаю для затрымання стаўся бел-чырвона-белы бранзалет на руцэ.

Belsat.eu паразмаўляў з Дзінаю пра абставіны затрымання.

«Я сядзела на лаўцы побач з дзвюма дзяўчатамі, з якімі была незнаёмая. З аўтобуса на стаянцы выйшлі працаўнікі АМАПу. Трое з іх падышлі да нас. Жанчына ў форме ўзяла мяне за руку і прапанавала прайсці ў аўтобус. Я адказала адмоваю, бо прычына затрымання не была агучаная. На дапамогу жанчыне падышла другая, якая схапіла мяне пад іншую руку. Я была спужаная, упіралася нагамі, не дазваляла сябе цягнуць, але за ногі мяне схапіў ужо мужчына-амапавец. Утрох яны пацягнулі мяне ў аўтобус, дзе апусцілі на падлогу і запрапанавалі заняць вольнае месца. Тэлефон у мяне адабралі, агледзелі заплечнік. У момант, калі я збіралася садзіцца пасля агляду, адзін з міліцыянтаў груба штурхнуў мяне локцем. Я не звалілася з ног, аднак грукнулася аб сядзенне нагой, у выніку чаго ў мяне там застаўся сіняк. Таксама былі траўмы падчас затрымання, якія пацверджаныя выпіскаю з Гарадзенскага дзіцячага шпіталю: пашкоджанне звязак правага плечавога сустава і ўдар мяккіх тканак правага праменнічнапрыдалонневага сустава», – распавядае Дзіна Кавалевіч.

Даведка аб стане здароўя. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат

Дзяўчыне каля гадзіны не давалі патэлефанаваць родным. Яна не разумела, куды яе вязуць. Праз некаторы час у Дзіны пачалася паніка.

«Я чула, што міліцыянты абмяркоўвалі магчымае транспартаванне мяне ды іншых затрыманых у Менск. Мне стала зусім страшна. Я была разгубленая: ніхто не ведаў, дзе я, што здарылася са мною. У РАУСе з нас смяяліся ды жартавалі: «Ну як? Збілі вас? Згвалтавалі? Абавязкова ў інтэрнэце напішыце пра гэта!» Я трымалася да апошняга, але ў выніку расплакалася».

Студэнты менскіх універсітэтаў падчас шэсця з нагоды пачатку навучальнага году. 1 верасня 2020 года. Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu / Vot-tak,.tv

Не збянтэжыў прадстаўнікоў аховы правапарадку і той факт, што дзяўчына няпоўнагадовая.

«У мяне адразу спыталі мой узрост, які я пацвердзіла пашпартам, аднак ніякай асаблівай рэакцыі гэтая інфармацыя не выклікала. Магчыма, яны спісваліся з кіраўніцтвам, бо тэлефоны ў іх былі, мяне нават фатаграфавалі. Аднак на мой лёс гэта ніяк не паўплывала».

Кацярына Кавалевіч (мама) і Дзіна Кавалевіч . Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат

Маці Дзіны – Кацярына Кавалевіч – абураная не толькі жорсткасцю ды неабгрунтаванасцю затрымання, але і паводзінамі міліцыянтаў пасля затрымання.

«Калі гляджу кадры затрымання, у галаве не ўкладаецца такое дзікунства! Не назваліся, не патлумачылі, за што затрымліваюць. Мне паведамілі пра месцазнаходжанне дачкі толькі праз гадзіну пасля інцыдэнту, прычым з тэлефона дачкі. На яе псіхалагічна ціснулі і прымусілі разблакаваць тэлефон. Таксама маю дачку прымусілі падпісаць пратакол без законных прадстаўнікоў. Яе пужалі: адправім у дзіцячы дом, калонію і гэтак далей. Гэта проста нейкі жах!» – распавяла Кацярына Кавалевіч.

У Горадні, як і ў іншых гарадах краіны, пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў апошніх прэзідэнцкіх выбараў трываюць з 9 жніўня.

АД, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Hавiны